Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ці ўдасца «Бацькаўшчыне» годна адсвяткаваць свой юбілей? 14:14, 02/10/2006
15 гадоў таму – 29 снежня 1991 года – было зарэгістравана Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” – арганізацыя, што аб’яднала пад адным дахам прадстаўнікоў суполак беларускай дыяспары з 25 краін свету, грамадскіх і палітычных дзеячаў, выдатных пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў і навукоўцаў з Беларусі.
Заснаванне “Бацькаўшчыны” ў тыя часы было цалкам лагічным і адпавядала духу і патрабаванням часу. Распаўся Савецкі Саюз, Рэспубліка Беларусь атрымала незалежнасць і вымагала супольных дзеянняў беларусаў унутры краіны і па-за яе межамі дзеля адраджэння мовы, культуры, дзяржаўнасці. Савет Міністраў Беларусі, адзначаючы важную ролю “Бацькаўшчыны”, прыняў у 1992 г. пастанову “Пытанні Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, у якой даручаў міністэрствам Беларусі аказваць магчымае спрыянне Згуртаванню ў яго статутнай дзейнасці, а Мінгарвыканкаму – выдзеліць адмысловае памяшканне пад стварэнне Беларускага дому – міжнароднага цэнтру беларускай дыяспары, дзе знайшлі б сваё месца музей, бібліятэка, архіў, інфармацыйны і культурна-асветны цэнтры ды органы кіравання “Бацькаўшчыны”.
Так адбылося заснаванне Беларускага дому на базе “Бацькаўшчыны”, якая пры дапамозе сяброў з Беларусі і замежжа збірала кнігі і архівы беларускай дыяспары, назапасіла ўнікальную базу дадзеных, у якую ўвайшла інфармацыя не толькі пра асяродкі беларусаў замежжа, але і СМІ, музеі, цэрквы, помнікі архітэктуры, могілкі беларусаў за мяжой. Сядзіба Згуртавання стала месцам сустрэч прадстаўнікоў беларускіх суполак, дзеячаў культуры і навукі з Беларусі. З 2001 г. пачаў актыўна працаваць інфармацыйны цэнтр, друкавацца і дасылацца бюлетэнь “Беларусы ў свеце”. Рэгулярны маніторынг патрэб беларускай дыяспары знайшоў сваё адлюстраванне ў прапановах “Бацькаўшчыны” да праекта Закона “Аб беларусах замежжа”, і праграмы “Беларусы ў свеце”, якія Згуртаванне прадставіла на разгляд дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь. “Бацькаўшчына” здолела аб’яднаць навукоўцаў, якія займаюцца даследаваннем дзейнасці беларускай дыяспары. Як вынік – заснаванне серыі кніг “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, прысвечанай дыяспары. У гэтым годзе выйшла ўжо 10-я кніга, да друку рыхтуюцца яшчэ 5. Згуртаванне вядзе навучальныя, адукацыйныя, культурныя праграмы ў Беларусі, аказвае дапамогу беларускім арганізацыям у замежжы.
І вось у гэтым годзе, напярэдадні свайго 15-гадовага юбілею, “Бацькаўшчына” паўстала перад праблемай спынення дзейнасці Беларускага дому. З якой прычыны?! Не, не таму што беларусы замежжа перасталі працаваць ці ствараць новыя арганізацыі; і не таму, што знікла неабходнасць яднання ўсіх беларусаў – і метраполіі і замежжа; і нават не таму, што знікла небяспека асіміляцыі беларусаў замежжа у краінах іх пражывання. Прычына больш банальная – будынак, у якім амаль 14 гадоў працаваў Беларускі дом дзяржава паставіла на капітальны рамонт. Аказваецца, такая банальная прычына можа стаць пачаткам канца любой, нават самай запатрабаванай, ініцыятывы!?
Шматлікія звароты асяродкаў беларускай дыяспары, беларускай інтэлігенцыі, кіруючых органаў “Бацькаўшчыны”, здавалася, далі свой плён. Адміністрацыя прэзідэнта дала даручэнне Савету Міністраў, той – Мінгарвыканкаму вырашыць узніклую праблему. Адміністрацыя горада прапрацавала пытанне… Вынік – у чэрвені гэтага года “Бацькаўшчыне” прапанавалі засяліць падвал без вокнаў, альбо размясціць архівы і бібліятэку на сховішчы гародніны ў прамысловым комплексе, на ускрайку горада. Тым часам для ўсіх суседзяў Згуртавання па будынку знайшліся месцы ў нармальных офісах, і недалёка ад цэнтра Мінска...
Відавочна, “Бацькаўшчына” была вымушана адмовіцца ад прапанаваных варыянтаў. Тады, кіраўніцтва горада параіла, улічваючы “пераборлівасць” Згуртавання, падшукаць памяшканне самім, абяцаючы аказаць спрыянне ў яго арэндзе. Супрацоўнікі “Бацькаўшчыны” за кароткі тэрмін праглядзелі больш за 50 пустуючых памяшканняў і адабралі аптымальны часовы варыянт для размяшчэння Беларускага цэнтру (пакуль будзе доўжыцца рамонт у будынку № 15 на Рэвалюцыйнай). Адпаведны запыт адразу ж, у канцы чэрвеня пайшоў у Мінгарвыканкам за абяцаным спрыяннем і паралельна да балансатрымальніка памяшкання. І вось ужо тры месяцы доўжыцца перапіска, якая не дала ніякіх практычных вынікаў. Улады горада дэманструюць разуменне праблемы і спрыяльнае стаўленне да яе вырашэння, а балансатрымальнік кажа пра немэтазгоднасць размяшчэння Беларускага цэнтру на ягоных плошчах. Адсюль лагічнае пытанне: як можа ў Беларусі ў сістэме ўладнай вертыкалі ніжэйстаячая ўстанова ігнараваць распараджэнне вышэйстаячай? Нядбайнасць некаторых чыноўнікаў?..
Ну што ж, перапіска, сустрэчы з чыноўнікамі працягваюцца, а “Бацькаўшчына” застаецца па-ранейшаму, без памяшкання, бо ідучы насустрач патрабаванням Мінгарвыканкама, вызваліла сядзібу на вул. Рэвалюцыйнай. Дзейнасць Беларускага дому ўжо 2 месяцы як прыпыненая. Архівы і бібліятэка захоўваюцца на прыватных кватэрах, мэбля – у гаражах, супрацоўнікі “Бацькаўшчыны” працуюць па кватэрах.
Больш таго, улады горада не маюць намеру вяртаць Беларускі дом і “Бацькаўшчыну” ў ранейшае памяшканне пасля заканчэння рамонту, не гледзячы на дамову арэнды, што была заключана да 2018 года (адпаведна Пастановы Савета Міністраў), паколькі ў памяшканні, дзе месціўся Беларускі дом і дзе працаваў Інстытут беларускай культуры (з якога паўстала Акадэмія навук Беларусі) будзе, адпаведна плану горада, размяшчацца рэстаран…