Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лукашэнка спадзяецца расчараваць замежных амбасадараў 13:10, 03/10/2006
Аляксандр Лукашэнка лічыць магчымым умацаванне адносінаў з Еўропай толькі на аснове ўзаемнай павагі і раўнапраўя. "Як еўрапейская дзяржава, мы надаем адмысловую ўвагу ўмацаванню добрасуседскіх адносінаў з еўрапейскімі партнёрамі, заснаваных на прынцыпах раўнапраўя, узаемапавагі і неўмяшанні ва ўнутраныя справы", – заявіў кіраўнік дзяржавы, прымаючы ў Менску ў Палацы рэспублікі даверчыя граматы ў амбасадараў шэрагу дзяржаў. Пазней, як перадае «Інтэрфакс», пасля афіцыйнай цырымоніі ўручэння даверчых грамат, у гутарцы з дыпламатамі А.Лукашэнка сказаў: "Я шчыра жадаю вам расчаравацца ў той інфармацыі аб Беларусі, якую вы атрымоўваеце ад заходніх сродкаў масавай інфармацыі".
Як адзначыў Лукашэнка, тое, што сёння ў гэтай зале прысутнічаюць амбасадары розных рэгіёнаў планеты, "сведчыць аб шматвектарнасці нашай знешняй палітыкі, гатовасці развіваць дыялог з партнёрамі ў розных кутках свету". "Мы спадзяемся, што вашы краіны маюць намер будаваць з Беларуссю раўнапраўныя адносіны", - сказаў А.Лукашэнка.
У прыватнасці, з яго слоў, "Беларусь зацікаўленая ў адчыненым і канструктыўным дыялогу з Босніяй і Герцагавінай, пашырэнні сувязяў, першым чынам, у гандлёва-эканамічнай сферы".
А.Лукашэнка заявіў, што краіна разглядае ў якасці "важнага і сур`ёзнага партнёра ў Еўропе Вугоршчыну, і мы шчыра зацікаўленыя, каб нашы адносіны развіваліся дынамічна і паслядоўна". "Мы імкнемся да актывізацыі дыялогу з Даніяй, як у двухбаковым фармаце, так і ў рамках міжнародных арганізацый", - адзначыў беларускі прэзідэнт. Ён бачыць вялікія перспектывы ў развіцці гандлёва-эканамічных адносінаў з Даніяй, і ў гэтай сувязі кіраўнік дзяржавы запрасіў дацкіх фундатараў больш актыўна асвойваць беларускі рынак.
Акрамя таго, як сказаў А. Лукашэнка, "Беларусь гатовая да канструктыўнага палітычнага дыялогу з Кіпрам". Пры гэтым прэзідэнт заявіў, што беларускі бок "лічыць неабходным наданне большай дынамікі двухбаковым эканамічным адносінам".
Па словах кіраўніка беларускай дзяржавы, нядаўняя сустрэча лідэраў дзяржаў - удзельнікаў Руху недалучэння ў Гаване "дазваляе з аптымізмам глядзець на развіццё адносінаў с краінамі Азіі і Афрыкі". "Мы спадзяемся, што наша ўзаемадзеянне з Пакістанам і Філіпінамі ў рамках Руху недалучэння будзе дапоўнена плённай працай у Беларусі амбасадараў гэтых дзяржаў".
А.Лукашэнка таксама адзначыў, што беларускаму боку "вельмі імпануе ўзважаная знешняя палітыка Іярданіі". "У Беларусі таксама назапашаны добры вопыт узаемадзеяння з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай і сёння адчыняецца новая старонка адносін з гэтай краінай", - заявіў беларускі кіраўнік, сказаўшы, што "ПАР стане мастом на шляху пашырэння нашага супрацоўніцтва са шматлікімі дзяржавамі".
Па словах А.Лукашэнкі, "нядаўняе ўсталяванне адносінаў з Маўрытаніяй і акрэдытацыя амбасадара гэтай дзяржавы ў Беларусі дазволіць нагнаць выпушчанае, і вывесці нашы адносіны на належны ўзровень".
Лукашэнка таксама заявіў, што Беларусь разглядае Аўстралію "як самага перспектыўнага партнёра ў азіяцка-ціхаакіянскім рэгіёне". Пры гэтым ён выказаў упэўненасць у тым, што наяўная паміж дзяржавамі геаграфічная адлегласць не будзе перашкодай для развіцця двухбаковых адносінаў у самых розных сферах.