Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лявон Вольскі: «У маёй краіне моладзь змагаецца за нешта значна больш сур’ёзнае» 15:13, 03/10/2006
26 верасьня 2006 году а 21:30 у прэстыжнай залі Стакгольму «Elverket» зь вялікім посьпехам прайшоў канцэрт зоркі беларускага року – N.R.M. Заля была поўная. Сярод слухачоў былі швэды, беларусы рознага веку: ад прадстаўнікоў старой дыяспары да менскай моладзі, што гадавалася на музыцы Лявона Вольскага і сьпявала разам. Абвестка пра канцэрт N.R.M. зьявілася ў буйнейшай штодзённай газэце Стакгольму «Stockholm City». Перад канцэртам Вольскі даў інтэрвію Радыё Швэцыі. Лявон, між іншым, зазначыў: «У маёй краіне моладзь змагаецца за нешта значна больш сур’ёзнае, чымся заходні моладзевы рух супраць Макдональдса».
Як паведамляе “Наша Ніва”, канцэрт адбыўся як заканчэньне беларускага тэатральнага тыдня, што зладзіў Нацыянальны Драматычны Тэатар Швэцыі. Беларускі праект тэатар Швэцыі пачаў ў 2005 годзе. Скончыцца ён, паводле афіцыйнага сайту тэатру, «калі становішча ў Беларусі зьменіцца з дыктатарскага на дэмакратычнае». Сёлета на працягу двух дзён менскі Вольны Тэатар паказваў свае пастаноўкі стакгольмскай публіцы. Спэктаклі ішлі ў сынхронным перакладзе зь беларускай на швэдзкаю мову.
На канцэрце N.R.M. слухачом прапанавалі праграмку з тэкстамі найбольш вядомых сьпеваў гурту на швэдзкай мове – пералажыў іх у швэдзкую амбасадар Швэцыі ў Менску сп.Стэфан Эрыксан. Вялі канцэрт Лявон Вольскі і Піт Паўлаў; а той файна перакладаў заўвагі Лявона на ангельскаю мову (прынцыповая заўвага: «Belarusian» вымаўляецца па ангельску як «беларусіян», а не «беларашыан», бо прыметнік паходзіць ад слова Беларусь, але не «Беларашыа»).
Лявон выканаў на біс свае хіты, між іншым, «Легкія-Лёгкія», і новую філязофскую песьню «Мінск-Менск». Панавала сьвяточная атмасфэра, луналі нацыянальныя сьцягі. Швэдзкія прадусэры зазначылі, што жадаюць запрасіць N.R.M. зноў.
Апрача N.R.M., у канцэрце ўзяла удзел Руся – фантастычная сьпявачка з гурту «Indiga» зь песьняй «Чыстая, сьветлая». Руся на пытаньне Радыё Швэцыі пра звычайнае жыцьцё ў Беларусі зазначыла, што вонкава ўсё выглядае нармалёва. У адказ на маразм афіцыйнага палітычнага і творчага стану таленавітыя і незалежныя людзі Менску стварылі свае гурткі і суполкі, якія даюць ілюзію, «што ты нібыта жывеш ў нармальнай краіне Эўропы, але... гэта толькі ілюзія».