Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Товарищ» мае права на меркаванне 15:16, 04/10/2006
Суд Ленінскага раёна Менска 4 кастрычніка адмовіў старшыні асацыяцыі "Сталічнае таксі" Ігару Верхаўцу ў пазове да газеты "Товарищ". Нагадаем, што І. Верхавец палічыў, што артыкул у газеце "Товарищ" пад назвай "Прыехалі ў прыгоннае права" абражае яго гонар. У артыкуле гаворка ішла аб тым, што ў сувязі с пастановай Мінтранса аб абмежаванні ўзросту аўтамабіляў, якія выкарыстоўваюцца ў таксаматорных перавозках, кіроўцы таксі не могуць пераходзіць ад аднаго працадаўцы да іншага. У прыватнасці, яго закранула фраза: "У таксісцкім асяроддзі існуе меркаванне, што гэтая сітуацыя яму (Верхаўцу) з рукі".
У сваім рашэнні суд Ленінскага раёна спаслаўся на артыкулы 33 і 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасці з якімі любы грамадзянін мае права на выяўленне уласнай думкі.
Дадзенае рашэнне можа быць абскарджана ў вышэйстаячай інстанцыі ў 10-дзённы тэрмін у адпаведнасці з законам.
Рэдактар газеты "Товарищ" Сяргей Вазняк задаволены такім рашэннем суду. Пры гэтым ён адзначыў, што за яго практыку гэта першы выпадак, калі суддзя пры вынясенні рашэння кіраваўся асноўным законам краіны. Па словах С. Вазняка, "дадзены судовы працэс можа стаць прэцэдэнтам для ўсіх наступных судоў у дачыненні сродкаў масавай інфармацыі, паколькі раней Канстытуцыя ў праваўжывальнай практыцы задзейнічаная практычна не была".