Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Бабруйску прафсаюзная актывістка пачала галадоўку 11:54, 05/10/2006
Намеснік старшыні першаснай арганізацыі Беларускага Незалежнага прафсаюза (БНП) працаўнікоў ААТ "Белшына" г. Бабруйска Алена Захожая, не вытрымаўшы самаўпраўнасці службоўцаў і адміністрацыі, 3 кастрычніка пачала галадоўку, паведамляе www.praca-by.info. Чыннікам таго, што прафсаюзная актывістка вырашыла пайсці на крайнія меры, стала адмова суда г. Бабруйска ўзбудзіць справу па факту дыскрымінацыі працаўнікоў па прафсаюзнай прыналежнасці. Заўтра, нагадаем, у горадзе пачынаюцца "Дажынкі" з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.
Раней адміністрацыя прадпрыемства адмовілася распаўсюдзіць дзеянне калектыўнай дамовы на сябраў незалежнага прафсаюза. Да прафесійнага свята Дню хіміка ў загад аб прэмаванні кіраўніцтва не ўключыла актывістаў пяршоўкі БНП, якія прапрацавалі на прадпрыемстве не адзін дзесятак гадоў. Іх таксама пазбавілі 75% дадатку да водпуску на аздараўленне. Пракуратура, дзе прыняліся шукаць праўду прафсаюзныя актывісты, не знайшла ў дзеяннях наймальніка ніякіх парушэнняў. Алена Захожая звярталася за дапамогай да кіраўніка дзяржаўнага канцэрна па нафце і хіміі Аляксандра Бароўскага, але сітуацыя не змянілася.
12 верасня прафсаюз падаў іскавую заяву ў суд. Але ўзбуджаць справу адмовіліся, спаслаўшыся на тое, што ў прафсаюзе не пацверджанае членства.
Па словах старшыні пяршоўкі Рыгора Спасюка, Алена Захожая ўспрыняла гэтую вестку як абразу. "Алена прапрацавала на заводзе 31 год, - гаворыць Рыгор Спасюк. - Яна прайшла ўсе магчымыя інстанцыі, каб абараніць правы людзей, якіх пазапраўна пазбавілі грошай. Мы звярталіся і ў адміністрацыю, і ў пракуратуру, і ў канцэрн. Пытанне не вырашылася. Мы пайшлі ў суд. У нас нават не запатрабавалі пацвердзіць членства, проста адфутболілі і ўсё. Гэта здзекванне над людзьмі. Атрымоўваецца, што мы - рабы, мы не маем рацыю на абарону нідзе, ні ў судзе, нідзе".
Як паведаміў Рыгор Спасюк, прафсаюз адправіў ліст прэзідэнту, у Міністэрства юстыцыі, у Вярхоўны і абласны суды, дэпутатам, у канцэрн і генеральнаму дырэктару прадпрыемства, у якім патрабуе вярнуць працаўнікам "Белшыны" - сябрам БНП невыплачаныя грошы і вырашыць пытанне з рэгістрацыяй пяршоўкі.
"Калі ў бліжэйшы час патрабаванні прафсаюза не будуць выкананыя, да галадоўкі далучацца іншыя сябры пяршоўкі ", - заявіў Рыгор Спасюк.