Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Супрацоўнікі «Новага радыё» бастуюць у знак салідарнасці з звольненым гендырэктарам? 14:38, 06/10/2006
Супрацоўнікі радыёстанцыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі абвясцілі забастоўку ў сувязі з магчымым звальненнем генеральнага дырэктара УП "Новае радыё" Віктара Грышанава. Аб гэтым прэс-цэнтру Хартыі`97 паведаміў адзін з супрацоўнікаў радыёстанцыі, які папрасіў не называць яго імя. Па яго словах, учора на радыёстанцыю прыйшла з праверкаю камісія на чале з старшынёй ФПБ Леанідам Козікам і заявіла, што Віктар Грышанаў (дарэчы, муж знакамітай спявачкі Алены Грышанавай) звольнены.
Па словах супрацоўніка радыё, Віктар Грышанаў звольніў аднаго з працаўнікоў радыё, які з`яўляецца сваяком Леаніда Козіка. Гэта звольнены супрацоўнік напісаў скаргу на гендырэктара кіраўніцтву ФПБ.
Супрацоўнікі радыёстанцыі ў знак пратэсту супраць звальнення гендырэктара вырашылі не выходзіць на працу.
"Я не магу зразумець, чаму звальняюць Грышанава. Ён вельмі добры кіраўнік, клапаціўся аб супрацоўніках. Шмат хто з нас вырашыў сыходзіць з радыё, калі яго звольняць", – сказаў прэс-цэнтру Хартыі’97 супрацоўнік радыёстанцыі.
Радыё Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі сёння раніцай у прамым эфіры абвясціла забастоўку. Прыкладна ў восем раніцы музыкальны блок "Новага радыё" перапыніўся заявай, у якой супрацоўнікі звярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай абараніць іх ад самаўпраўнасці з боку кіраўніцтва ФПБ.
Кіраўніцтва ФПБ гэтую інфармацыю катэгарычна аспрэчвае, заяўляючы, што нібы толькі двое супрацоўнікаў радыёстанцыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі "Новае радыё" сёння раніцаю паспрабавалі абвясціць забастоўку.
Як паведаміла Ірына Каганец, прэс-сакратар ФПБ – арганізацыі, якая з`яўляецца заснавальнікам "Новага радыё", "у эфіры адбыліся тэхнічныя непаладкі, ніякай забастоўкі на радыё няма, будзе праведзена расследаванне, як гэта магло здарыцца". "Ніхто не можа быць застрахаваны ад такіх "жартаў" у эфіры, – адзначыла Каганец. – Дадзены інцыдэнт адбыўся пры папушчальніцтве гукарэжысёра ".