Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Вацлаў Гавэл гатовы бараніць незалежнасць Беларусі 15:49, 09/10/2006
Сёння лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандр Мілінкевіч сустрэўся ў Празе з былым прэзідэнтам Чэхіі Вацлавам Гавэлам. На сустрэчы палітыкі абмяняліся думкамі адносна больш аператыўнай і ефэктыўнай працы еўрапейскіх структур з грамадзянскай супольнасцю ў Беларусі, змяншэння кошту шэнгенскіх візаў для беларусаў. Аляксандр Мілінкевіч у размове з Вацлавам Гавэлам адзначыў важнасць цвёрдай пазіцыі Еўропы ў дачыненні да пагрозы страты незалежнасці Беларусі.
Вацлаў Гавэл адрэагаваў на словы Аляксандра Мілінкевіча вельмі эмацыйна:
- Калі пагроза незалежнасі Беларусі будзе рэальнай, я гатовы стаць побач з Аляксандрам Мілінкевічам і бараніць яе, - сказаў знакаміты чэх.
Аляксандр Мілінкевіч падзякаваў Вацлаву Гавэлу за запрашэнне ўзяць удзел у Форуме і адзначыў, што для яго Гавэл “з’яўляецца маральным аўтарытэтам і ўзорам сапраўднага палітыка”.
Сёння ж лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандр Мілінкевіч правёў перамовы з прэм’ер-міністрам Чэхіі Мірэкам Тапалянэкам. Чэшскі кіраўнік запэўніў Аляксандра Мілінкевіча ў далейшай палітычнай падтрымцы дэмакратычнага руху ў Беларусі і пашырэнні супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю краіны.
Як адзначыў спадар Тапалянэк, Чэхія будзе дапамагаць рэпрэсаваным студэнтам і прадстаўляць ім месцы ў чэшскіх ВНУ, з дапамогай радыё Свабода, цэнтральная сядзіба якога знаходзіцца ў Празе, аказваць інфармацыйную падтрымку дэмакратычнай Беларусі, а таксама спрыяць развіццю незалежнага тэлебачання для Беларусі, якое пачне вяшчаць з наступнага году.
У сваю чаргу лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандр Мілінкевіч выказаў неабходнасць інфармацыйнай і маральнай падтрымкі палітзняволеных у Беларусі, і, у найбольшай ступені, моладзевага актывіста Паўла Красоўскага, якому пагражае смяротнае пакаранне. Беларускі палітык заклікаў таксама звярнуць увагу міжнароднай супольнасці на масавую галадоўку вернікаў пратэстанцкай царквы ў Мінску.
Нагадаем, што лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандр Мілінкевіч прадстаўляе Беларусь на міжнародным "Форуме-2000", які распачаўся 8 кастрычніка ў Празе. Удзел у Форуме бяруць больш за 50 вядомых у свеце палітыкаў і культурных дзеячоў.