Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
9 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў канцэпцыю праекта новага Закона "Аб прафесійных саюзах" і падпісаў указ № 605 аб роспуску Рэспубліканскай камісіі па рэгістрацыі грамадскіх аб`яднанняў. У прыватнасці, уводзіцца новы від прафсаюзаў – без утварэння юрыдычнай асобы, для якіх не патрабуецца наяўнасць юрыдычнага адрасу, паведамляе www.praca-by.info. Таксама ўсталёўваецца крытэр прадстаўнічасці прафсаюзаў для ўзаемадзеяння з органамі дзяржаўнай бяспекі па рашэнню пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, а таксама вядзенні калектыўных перамоў і заключэння калектыўных дагавораў. Лідэры незалежных прафсаюзаў спадзяюцца , што рашэнні ўладаў сапраўды будуць прагрэсіўнымі. Аднак, не ўбачыўшы канчатковага варыянту законапраекта, высновы рабіць рана, лічаць яны.
Нагадаем, што Камісія па расследаванні Міжнароднай арганізацыі працы рэкамендавала ўраду Беларусі прыняць перашкоды для рэгістрацыі прафсаюзаў, а таксама распусціць Камісію па рэгістрацыі. Паводле прынятых дакументаў можна зрабіць выснову, што беларускія ўлады ўсёткі зрабілі спробу прыступіць да ажыццяўлення рэкамендацый МАП, невыкананне якіх прывяло б да пазбаўлення Беларусі гандлёвых палёгак і да вялікіх эканамічных страт.
"Калі верыць паведамленню прэзідэнцкай прэс-службы, то можна сказаць адназначна – гэта істотны крок наперад, – гаворыць старшыня БКДП Аляксандр Ярашук. – Гэтым самым адмяняецца дазваленчы прынцып дзейнасці прафсаюзаў і ўводзіцца – заяўнічы. Дазваленчы прынцып быў уведзены Дэкрэтам прэзідэнта № 2 ад 26 студзеня 1999 года і насіў адкрыта дыскрымінацыйны характар. Акрамя таго, ён груба парушаў Канвенцыю № 87 Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) "Аб свабодзе аб`яднання", якую Рэспубліка Беларусь у свой час ратыфікавала. Менавіта з таго моманту стала немагчыма развіццё незалежных і свабодных прафсаюзаў у нашай краіне. Паколькі ні адна з ізноў ствараемых намі арганізацый так і не была зарэгістраваная, а, такім чынам, не магла легальна ажыццяўляць сваю дзейнасць".
Аляксандр Ярашук падкрэсліў, што гэта, па-за сумненнем, прагрэсіўная норма, аднак лічыць, што выяўляць аптымізм заўчасна, паколькі абноўлены закон пакуль не апублікаваны. "Нас могуць чакаць не вельмі прыемныя неспадзеўкі. Маецца на ўвазе ўсё тая ж праславутая норма прадстаўнічасці прафсаюзных арганізацый, якую некалькі гадоў назад ужо спрабавала ўвесці Міністэрства юстыцыі. Гэтая норма нас проста выштурхоўвала з прававога поля", – зазначыў лідэр незалежнага прафцэнтра.
Старшыня Беларускага прафсаюза працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч таксама лічыць, што ўвядзенне апавяшчальнай сістэмы ўтварэння прафсаюзных арганізацый з`яўляецца прагрэсіўным рашэннем улад. "Калі адменяць неабходнасць юрыдычнага адрасу для пастаноўкі аргструктур на ўлік, то гэта будзе істотны зрух. Тады мы зможам зарэгістраваць масу нашых пяршовак, якія не могуць зараз легальна дзейнічаць менавіта з-за нежадання наймальніка даць юрыдычны адрас", – пракаментаваў старшыня РЭП. Ён таксама дадаў, што для незалежных прафсаюзаў, колькасць якіх не вялікая з-за заўсёднага ціску ўлад, па-ранейшаму застаецца небяспека, што ў новым законе будуць уведзеныя такія нормы прадстаўнічасці, што прафсаюзы не змогуць дзейнічаць паўнавартасна. Па меркаванні Генадзя Фядыніча, у абмеркаванні новага законапраекта павінны былі прыняць удзел усе зацікаўленыя арганізацыі.