Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Дашкевіч знаходзіцца ў адной камэры зь хворымі на сухоты, гепатыт і СНІД 12:12, 10/10/2006
На сядзібе Партыі БНФ адбылося паседжаньне працоўнай групы кампаніі ў абарону палітвязьняў. Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі сытуацыю, якая склалася вакол моладзевых лідэраў Зьмітра Дашкевіча і Паўла Красоўскага, а таксама заплянавалі шэраг акцыяў. На сустрэчы журналіст Генадзь Барбарыч зачытаў ліст ад Зьмітра Дашкевіча, у якім той скардзіцца на ўмовы ўтрыманьня. Паводле ліста, Зьміцер Дашкевіч знаходзіцца ў адной камэры зь 15 зьняволенымі, сярод якіх хворы на сухоты, гепатыт і СНІД.
У сустрэчы прынялі ўдзел прадстаўнікі “Маладога фронту”, моладзі БНФ, Партыі БНФ, Камітэту ў абарону рэпрэсаваных, АГП, прадпрымальніцкага руху, праваабронцы. Сяржук Лісічонак распавёў пра распачатую кампанію ў інтэрнэце, флэшмобы ў Менску і рэгіёнах, а таксама падзяліўся меркаваньнямі наконт наступных акцыяў: “Флэшмоб, які мы ладзілі ў суботу, ня ўдаўся. Міліцыі было нашмат больш, чым удзельнікаў акцыі. Гэта значыць, на будучыню акцыі трэба рыхтаваць шырокімі сіламі, а не адной арганізацыяй”.
Працягваецца сьледзтва па справе іншага моладзевага актывіста, сябра Партыі БНФ Паўла Красоўскага. Яго падазраюць па артыкуле №139 (“Забойства двух і болей чалавек”) і №13 (“Падрыхтоўка да злачынства”) крымінальнага кодэксу. Сьледчыя органы лічаць Красоўскага датычным да арганізацыі выбухаў у Віцебску у 2005 г. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч паведаміў пра разьвіцьцё справы: “Сьледчая пракуратура пачала разьбіральніцтва па справе датычнасьці Паўла Красоўскага да тэрактаў у Віцебску. Красоўскі, які спачатку фігураваў у справе як сьведка, праходзіць як падазроны. Была атрымана санкцыя пракурора на праверку асабістых рэчаў і маёмасьці, пэрсанальнага кампутара Красоўскага”. Сьледчая працэдура пачнецца 10 верасьня у 13:30 у будынку Аддзела па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю МУС.
Юрысты з праваабарончага цэнтру “Вясна” паведамілі, што ўжо складзены і дасланы зварот пра парушэньне міжнародных нормаў утрыманьня зьняволеных у лёнданскі офіс Amnesty International, у Міжнародную арганізацыю і фэдэрацыю праваабаронцаў. Падобныя звароты будуць накіраваныя у Чырвоны крыж, у ААН, АБСЭ.