Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Аляксандр Мілінкевіч сустрэўся з кіраўніком МЗС Чэхіі 17:03, 11/10/2006
Міністр замежных спраў Чэхіі Аляксандр Вондра паабяцаў і ў далейшым падтрымліваць беларускую апазіцыю. Як паведамляе чэшскае інфармацыйнае агенцтва СТК, міністр заявіў аб гэтым пасля сустрэчы з лідэрам аб`яднаных дэмсіл Беларусі Аляксандрам Мілінкевічам, якая адбылася 10 кастрычніка ў рамках "Форума-2000" у Празе.
Па інфармацыі СТК, А.Вондра паведаміў, што Чэхія гатовая прапанаваць больш стыпендый для беларускіх студэнтаў, якія не могуць вучыцца на радзіме па палітычных матывах. У цяперашні час у чэшскіх універсітэтах навучаюцца ўжо каля 60 такіх студэнтаў.
Як паведамляе інфармагенцтва, акрамя таго, А.Вондра падкрэсліў, што Еўразвяз "павінен спрасціць візавы рэжым з Беларуссю і знізіць кошт віз для беларускіх грамадзян, а таксама падтрымаць праект вяшчання Еўрапейскага радыё ў Беларусі".
А.Мілінкевіч у сваю чаргу адзначыў, што Чэхія з`яўляецца адной з тых краін ЕЗ, якая "найбольш актыўна падтрымлівае дэмакратычныя сілы ў Беларусі". "Але ў цэлым ЕЗ можа рабіць для Беларусі значна больш", – лічыць беларускі палітык.