Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Аляксандр Казулін сустрэўся з адвакатам 10:52, 11/10/2006
10 кастрычніка ў выпраўленчай установе №3 адбылася сустрэча экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі, палітвязня Аляксандра Казуліна з адвакатам Ігарам Рынкевічам. Падчас сустрэчы быў абмеркаваны шэраг пытанняў, датычных умоў утрымання ва ўстанове, а таксама пытанні абароны правоў асуджанага.
Аляксандр Казулін пацвердзіў той факт, што ён быў змушаны пагадзіцца на спатканне з амбасадарам Нямеччыны за конт кароткатэрміновых спатканняў, прадугледжаных для сустрэч са сваякамі. У сувязі з гэтым відавочным парушэннем правоў асуджанага А. Казуліна яго адвакат І. Рынкевіч напісаў заяву на імя начальніка калоніі №3 В.В. Агныстыка з просьбай растлумачыць, на падставе якіх нормаў крымінальнага заканадаўства вынесенае такое неправамернае рашэнне. Як вядома, дыпламаты, дэпутаты, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі, адвакаты, царкоўныя службоўцы, якія атрымалі дазвол на сустрэчы з асуджанымі, робяць гэта не за конт спатканняў, прызначаных для сваякоў.
А.Казулін паведаміў адвакату, што ўся яго карэспандэнцыя велмі жорстка кантралюецца. Як яму сказалі, канфіскуюцца лісты, якія носяць аператыўны характар, нясуць пагрозу рэжыму. Так, ён не атрымоўвае лістоў ад Валерыя Леванеўскага, у якіх былы палітвязень знаёміць А.Казуліна з яго правамі ў калоніі і магчымасцямі абароны гэтых правоў. У А.Казуліна адабралі нават медыцынскія інструкцыі аб ахове здароўя зняволеных, якімі ён карыстаўся і якія былі яму важныя ў сувязі з прызначанай галадоўкай. Валерый Леванеўскі паслаў А.Казуліну таксама Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы. Гэтыя дзеянні кіраўніцтва калоніі А.Казулін мае намер абскардзіць. Мяркуем, што В. Леванеўскі таксама запатрабуе адказу, ці атрымаў ягоны адрасат прававую літаратуру.
На сустрэчы з адвакатам А.Казулін паведаміў, што ён патрапіў у тыя 0,1% асуджаных, якія не падпадаюць пад катэгорыю тых, хто цвёрда стаў на шлях выпраўлення, і хто пацвердзіў гэта падпісаннем абавязальніцтва аб законапаслухмяных паводзінах. А.Казулін сцвярджае, што, не падпісаўшы гэты дакумент, ён не прадэманстраваў свой пераход у разрад парушальнікаў рэжыму ў калоніі. Гэтым ён яшчэ раз паказвае свой намер працягваць барацьбу з рэжымам у краіне. "Хай разам са мной гэтую паперу падпіша "законапаслухмяны" грамадзянін Лукашэнка. Хай ён пацвердзіць сваё првапаслухмяныя паводзіны і выкананне законаў", – працягвае А.Казулін.
"У краіне створаны станок для стварэння злачынцаў: праваахоўнымі і судовымі органамі не ўлічваюцца змягчальныя акалічнасці, акалічнасці, якія выключваюць віну грамадзяніна, пры гэтым забываюць пра сем`і, малалетніх дзяцей. Лёсы людскія перакручваюцца, людзі азлабляюцца... Крымінальна-выканаўчая сістэма – гэта міні-мадэль дзяржаўнай прылады краіны. Па ёй можна судзіць аб усім беларускім грамадстве", – сцвярджае Казулін.
Некалькі гадзін абмяркоўвалі адвакат Рынкевіч і яго падабаронны наглядную скаргу ў Менгарсуд. У скарзе, якая будзе пададзеная на імя старшыні гарсуда, будзе запатрабавана ў парадку нагляду вынесці пратэст на незаконнасць прысуду і вызначэнне касацыйнай інстанцыі, а таксама спыніць крымінальную справу супраць А.В. Казуліна.