Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Праваабаронцай Воўчыкам цікавіцца Менская мытня 10:42, 11/10/2006
Праваабаронца Алег Воўчык учора адмовіўся ехаць у Гарадзенскую мытню для таго, каб даць тлумачэнні, паколькі ў позве не было паказана ў якасці каго і па якой справе ён выклікаецца. Аднак увечар кіраўніку юрыдычнай службы экс-кандыдата ў прэзідэнты, палітвязня Аляксандра Казуліна патэлефанавалі ўжо з Менскай рэгіянальнай мытні і прапанавалі з`явіцца ў іх службу.
"Супрацоўнік менскай мытні не прадставіўся, якую пасаду ён займае, а толькі кінуў фразу, што ў дачыненні да мяне ёсць адміністатыўны матэрыял. Я прапанаваў яму мяне выклікаць афіцыйна па позве, паказаўшы, у якасці каго, і па якім адміністратыўным матэрыяле. Зараз буду чакаць новую позву",< – паведаміў Алег Воўчык прэс-службе Аляксандра Казуліна.
Праваабаронца не разумее, чаму ім зацікавіліся мытныя органы.
"Нічога я не хаваў, ніякага тавару з сабою не правозіў, была сумка з асабістымі рэчамі і тры кнігі. Мяне бянтэжыць іншае. Як супрацоўнік Менскай мытні змог сёння атрымаць матэрыялы з Гарадзенскай мытні, калі мяне сёння чакалі там, каб даць тлумачэнні. Як чалавек, які ведае справаводства, не магу зразумець, як службовая асоба Паўловіч Ф.П. паспеў так хутка перадаць матэрыялы ў Менск на працягу шасці гадзін. Прынамсі яму трэба было спачатку правесці шэраг дзеянняў: вызначыць чыннік маёй неяўкі, зрабіць рапарт на імя свайго начальніка, начальнік павінен быў паставіць рэзалюцыю, што гэты матэрыял трэба накіраваць у Менск, правесці праз канцылярыю, паслаць па пошце. Але калі б матэрыял прыйшоў у Менскую мытню, то тут таксама ён павінен прайсці праз канцылярыю, начальнік павінен яго атрымаць і распісаць яго пэўнай службовай асобе.
І вось зараз уявіце, калі гэтую ўсю працэдуру правесці ў адпаведнасці з заканадаўствам аб справаводстве, то сыйшло бы, прынамсі, больш трох дзён. У мяне склалася ўражанне, што службовыя асобы гарадзенскай і менскай мытні займаліся толькі маёй справай. Я дапушчаю, што можна гэта ўсё зрабіць і за шэсць гадзін, але тады матэрыялы трэба везці на таксі. Усё гэта гаворыць аб тым, што сапраўды маёй персонай зацікавіліся вельмі сур`ёзна. Не выключаю, што акрамя мытнікаў, хтосьці яшчэ зацікаўлены ўзяць у мяне нейкія тлумачэнні", – адзначыў Алег Воўчык.