Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Забастоўка на шклозаводзе «Нёман» 13:56, 13/10/2006
Лідскі рэгіён ліхаманіць. Не паспелі сціхнуць страсці вакол гучнага карупцыйнага скандалу ў Лідзе, як яны напаліліся ў Бярозаўцы Лідскага раёна. Як паведамляе "Ежедневник", у мінулы аўторак працаўнікі шклозавода "Нёман" правялі масавую забастоўку на сваіх працоўных месцах. Па розных адзнаках, ад 300 да 500 працаўнікоў, якія выйшлі ў ранішнюю змену, спынілі працу ў 12 гадзін дня.
Працягнулі забастоўку працаўнікі наступнай змены, якія выйшлі ў 16 гадзін. У 17 гадзін яны вярнуліся на працоўныя месцы.
Як паведамілі самі працоўныя карэспандэнту "Ежедневника", забастоўка насіла хутчэй стыхійны характар. Адначасова пакінулі свае працоўныя месцы працаўнікі пяці цэхаў выпрацоўкі і цэх карданажнага пакавання. Пратэстнае нежаданне працаваць шкловыдзімальшчыкаў узнікла пасля таго, як яны атрымалі лісткі разліку зарплаты за верасень. І менавіта зарплата стала асноўным чыннікам неспакойных паводзін працоўных. Яе памер за апошні месяц склаў у сярэднім 350-400 тыс. рублёў. Гэта самы нізкі ўзровень зарплаты сярод прамысловых прадпрыемстваў Лідскага раёна.
За месяц да забастоўкі сярод працоўных ішоў збор подпісаў за падвышэнне зарплаты. Выказвалася патрабаванне аб занясенне ў яе аплаты вытворчасці прадукцыі з тэхнічным бракам. Па меркаванні працоўных, на вытворчасць дадзенай прадукцыі сыходзяць немалыя фізічныя высілкі, а канчатковы прадукт не ідзе ў залік зарплаты. Віны працоўных у браке няма, бо чыннікам таму – нізкая якасць сыравіны. Атрымоўваецца, што працаўнікі прадпрыемства сваім рублём адказваюць за чужыя грахі, а гэта несправядліва.
За два тыдні да страйка ў працоным асяроддзі распаўсюджваліся копіі ліста з апісаннем цяперашняга становішча спраў на прадпрыемстве ў адрас Адміністрацыі прэзідэнта, пракуратуры РБ і «парламента» Беларусі.
Калі ўлічыць, што на прадпрыемстве працуюць каля 3,5 тыс. чалавек, то па колькасці бастуючых можна судзіць аб масавасці забастоўкі. Прасідзеўшы 5 гадзін без працы, шкловыдзімальшчыкі ўсё ж дачакаліся таго, што да іх выйшла завадское начальства. Праўда, не дырэктар прадпрыемства І.М.Бацян, а яго намеснік па ідэалагічнай і выхаваўчай працы В.Н.Пагодскі. Гутарка з працоўнымі, як няцяжка было здагадацца, пачалася са стандартных абяцанняў падвышэння зарплаты ў наступным месяцы. Імі жа і скончылася. Усё бы добра, ды гэтыя абяцанні працоўныя прывыклі выслухваць кожны месяц больш чым на працягу года, з моманту леташняга ліпеньскага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Бярозаўку і падпісання ім адпаведнага ўказу аб дзяржаўнай падтрымцы ААТ "Шклозавод" "Нёман".
А як жа прафсаюз, спытае хтосьці. Ён жа павінен адстойваць правы працаўнікоў. Насамрэч прафсаюз, як заўсёды, дазнаўся аб тым, што адбываецца, у апошнюю чаргу. Зрэшты, як звычайна. І наогул, у беларускіх прафсаюзаў зараз свае праблемы, з імі бы разабрацца.
Але вернемся да забастоўкі. У ідэале ўсё скончылася менавіта так, як таго жадала кіраўніцтва прадпрыемства. Пасля 5-гадзіннай забастоўкі працоўныя вярнуліся на свае месцы. І, маючы ілюзію на конт будучай зарплаты з 10% надбаўкай, паабяцалі пачакаць да 10 лістапада, калі і адбудзецца выплата. Тады-то шкляры і даведаюцца, ці надзьмулі іх у чарговы раз.