Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Урок беларускай мовы» пройдзе ў літоўскай амбасадзе 11:59, 16/10/2006
Дакумэнтальны фільм польскага рэжысэра Міраслава Дэмбіньскага “Урок беларускай мовы” пра падзеі сакавіка 2006 году будзе прэзэнтаваны 21 кастрычніка ў літоўскай амбасадзе, паведамляе прэс-служба Партыі БНФ. Кінастужка рабілася ў Беларусі на працягу ўсёй выбарчай кампаніі 2005-2006 году.
Героі стужкі – маладыя дэмакратычныя актывісты. Яны раздаюць недзяржаўную прэсу, раскідваюць улёткі, ладзяць вулічныя акцыі, за гэта іх часта арыштоўваюць. Рэжысэр раскрывае праблему закрытага Беларускага гуманітарнага ліцэю, навучэнцы якога нелегальна вучацца й здаюць іспыты экстэрнатам; незалежных музыкаў, якім закрытая дарога на радыёстанцыі й тэлевізію, і яны вымушаныя даваць паўпадпольныя канцэрты.
У фінале 52-хвіліннай стужкі акцыя 25 сакавіка, калі сіламі міліцыі была разагнаная масавая акцыя пратэсту, і будынак спэцпрыёмніка-размеркавальніка Акрэсьціна, зь якога выходзяць адзін за адным палітычныя вязьні, асуджаныя за ўдзел у масавых акцыях пратэсту.
Рэжысэр фільму Міраслаў Дэмбіньскі распавёў пра мэты фільму: “Мая мэта – паказаць беларускую рэчаіснасьць з пункту гледжаньня маладых людзей. Моладзь, як бы банальна не гучала, – гэта надзея на будучыню, і якраз у Беларусі менавіта ад моладзі залежаць перамены. Калі казаць пра старэйшых – то яны баяцца, вераць прапагандзе. Гэты кантраст мне падаўся цікавым”.
На пытаньне, для каго прызначаны гэты фільм, Дэмбіньскі адказаў наступнае: “Я хацеў бы рабіць фільм для максымальны шырокай аўдыторыі. Хацеў зрабіць для ўсіх. Ёсьць пэўная спэцыфіка, па-свойму робіцца кіно для беларусаў, па-іншаму – для замежнікаў. Наш фільм аднолькава цікавы для тых і для тых. Замежнікам я хацеў паказаць праўду пра Беларусь, у асноўным праз эмоцыі. Змаганьне за свабоду – тэма унівэрсальная, блізкая ўсім.”
У кастрычніку супольна з польскай тэлефізіяй, некаторымі недзяржаўнымі арганізацыямі Міраслаў Дэмбіньскі плянуе зладзіць вялікі канцэрт-кінапрэм’еру ў Варшаве, на якой, як ён мяркуе, выступяць і галоўныя героі фільму, і NRM, і тыя, хто фільм рабіў. “Я хачу гэтым зноў прыцягнуць увагу да беларускай праблемы”, – паведаміў рэжысэр.