Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лукашэнка ў «развале» СНД удзельнічаць не будзе 14:39, 16/10/2006
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што асобныя прапановы па рэфармаванню Садружнасці Незалежных Дзяржаў варта расцэньваць як спробы разваліць СНД. "Калі камусьці жадаецца пад шыльдай рэфармавання наогул загубіць СНД, то мы ў гэтым працэсе ўдзельнічаць не маем намер. Беларусь не будзе ўдзельнічаць у разбуральных тэндэнцыях у Садружнасці і заклікае дзяржавы настойліва прытрымлівацца гэтага прыкладу", – заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы, сустракаючыся ў Менску з кіраўнікамі дэлегацый міністэрстваў замежных спраў дзяржаў СНД.
А.Лукашэнка адзначыў, што "СНД – гэта самая важная прылада ў рашэнні ўсіх пытанняў на постсавецкай прасторы". Пры гэтым ён сказаў, што "і ў нашай арганізацыі (у Садружнасці – "ІФ") ёсць вельмі зацікаўленыя людзі, каб разваліць СНД. Калі мы жадаем пайсці нашым ворагам насустрач, то мы павінны пайсці на так званае рэфармаванне СНД. І гэта будзе самы вялікі падарунак нашым сапернікам, якія спяць і бачаць рынак, багацці, якія існуюць на постсавецкай прасторы", – заявіў А.Лукашэнка.
Па яго словах, "усе дзяржавы былога СССР сёння дынамічна развіваюцца ў эканамічным, палітычным плане. Які сэнс руйнаваць тое, што прыносіць карысць?" – рытарычна адзначыў кіраўнік Беларусі.
Акрамя таго, нагадаў ён, у рамках СНД створана велізарная колькасць галіновых Саветаў, якія "заўсёды знаходзяць агульную мову". "Як толькі мы зверху абрынем гэтую страху, парасонік, то адразу знішчым працу гэтых саветаў", – сказаў А.Лукашэнка. Па яго словах, "мы перажывем без СНД, але так будзе складаней вырашаць праблемы". "Развал СНД ляжа найжорсткай адказнасцю на нас, палітыкаў, як гэта ў свой час адбылося падчас развалу Савецкага Саюза", – заявіў беларускі кіраўнік.
У сваю чаргу міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што "сёння ў цэнтры нашай дыскусіі знаходзяцца праблемы ўдасканальвання і рэфармавання дзейнасці СНД". Ён паведаміў, што паступілі "дадатковыя прапановы ад нашых казахскіх сяброў".
С.Лаўроў адзначыў, што ўсе маюць намер рухацца наперад у імкненні да таго, каб захаваць СНД і вельмі асцярожна падыходзіць да таго, што працуе. Па меркаванні кіраўніка МЗС РФ, рэфармаванне Садружнасці павінна ісці "без неапраўданых скокаў". "Рэформа была задуманая не дзеля рэформы, а як сродак удасканалення дзейнасці Садружнасці", – сказаў С.Лаўроў. Па яго меркаванні, пазітыўныя вынікі ў рэфармаванні СНД будуць залежыць ад наяўнасці палітычнай волі дзяржаў.