Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускія студэнты прымуць удзел у акцыях салідарнасці у Варшаве і Беластоку 13:17, 16/10/2006
Беларускія студэнты, якія былі выключаныя з беларускіх вну за ўдзел у акцыях пратэсту падчас прэзідэнцкіх выбараў, і якія зараз навучаюцца ў Польшчы, заявілі, што сёньня абавязкова прымуць удзел у акцыях салідарнасці з Беларуссю. Акцыі маюць адбыцца ў Варшаве і Беластоку.
Беларускія студэнты прынялі заяву, прымеркаваную да Дня салідарнасці:
“У гэты дзень ужо цэлы год запар у многіх краінах Эўропы адбываюцца акцыі салідарнасьці з беларускімі палітвязьнямі й сем’ямі зьніклых апанэнтаў рэжыму Лукашэнкі. За сваю палітычную дзейнасьць дзясяткі людзей адбываюць ў Беларусі розныя тэрміны пакараньня. Гэта Павал Севярынец, Артур Фінькевіч, Мікола Статкевіч, Аляксандар Казулін, Андрэй Клімаў і іншыя. Да гэтага часу невядомымі застаюцца лёсы зьніклых апанэнтаў рэжыму – Зьмітра Завадзкага, Анатоля Красоўскага, Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі. У датычнасьці да іх забойстваў міжнароднай супольнасьцю падазраюцца тыя, хто сёньня стаіць начале беларускай дзяржавы. Каб не пакідаць беларусаў сам-насам з крывавым дыктатарам Лукашэнкай моладзь эўрапейскіх краінаў 16 чысла кожнага месяцу праводзіць дзень салідарнасьці з Беларусьсю.
Сёньняшняя акцыя салідарнасьці прысьвечана беспрэцэдэнтнаму перасьледу маладых беларускіх палітыкаў. Прынамсі, лідэр Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч ужо больш месяцу знаходзіцца ў менскім сьледчым ізалятары, а 22-гадовага жодзінскага маладафронтаўца Паўла Красоўскага пракуратура абвінавачвае у масавых забойствах і тэрарызме. Згодна з беларускім заканадаўствам гэтым маладым палітыкам па ілжывых абвінавачаньнях пагражаюць вялікія турэмныя тэрміны, а ў выпадку Паўла Красоўскага, нават сьмяротнае пакараньне.
Таксама мы не пакідаем без увагі незаконнае закрыцьцё менскай пратэстанцкай царквы Новае Жыцьцё. Сёньня больш за 200 вернікаў з усёй краіны ўдзельнічаюць у самай масавай у гісторыі незалежнай Беларусь галадоўцы супраць прымусовай перадачы будынку царквы ў маёмасьць дзяржавы, што фактычна азначае зьнішчэньне хрысьціянскай дэнамінацыі.
Толька нашая салідарнасьць, мужнасьць і цьвёрдая пазыцыя можа дапамагчы нашай Бацькаўшчыне! Таму 16 кастрычніка мы выходзім да беларускіх амбасадаў у Вільні й Варшаве, а таксама да консульства Беларусі ў Беластоку і патрабуем: Свабоду палітвязьням!
Беларускія студэнты – удзельнікі стыпэндыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага”.