|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Еўрапейскія музыканты падтрымалі Беларусь 16:47, 17/10/2006
Напярэдадні Дня салідарнасці, які праводзіцца ў Беларусі і за мяжой у 16 дзень кожнага месяца, музыкі сустрэліся з беларускім калегамі – прадстаўнікамі незалежнай беларускай сцэны, а таксама з сваякамі і сябрамі палітвязняў і зніклых беларускіх палітыкаў. Роберт Луіс, кіраўнік аднаго з вядучых джаз-фанкавых лэйблаў Брытаніі – Tru Thoughts – на пытанне аб тым, чаму ён прыехаў у Беларусь адказаў: "Музыка – мастацтва, якое змяняе свядомасць, і таму большасць музыкаў – гэта грамадска актыўныя людзі. Выступаючы ў Брытаніі, практычна са ўсіх выступаў мы пералічваем частку ганарараў у фонд Amnesty International, у Чырвоны крыж, у дзіцячыя фонды. Я ведаю пра тое, што адбываецца ў Беларусі, і не магу заставацца абыякавым да гэтага. Адразу пасля вяртання дахаты я займуся арганізацыяй выступаў у падтрымку Беларусі". Пасля гутаркі з дачкой выкрадзенага грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага, Валерыяй, адзін з вядучых funk дзі-джэяў Фларыян Келлер, сказаў: "Калі сустракаешся з беларусамі і чуеш рэальныя гісторыі аб тым, што адбываецца ў вашай краіне, цябе не пакідае пачуццё ірэальнасці. Немагчыма паверыць у тое, што гэта адбываецца ў Еўропе". Еўрапейскія зоркі сустракаліся з беларускімі незалежнымі музыкантамі, якім выказалі словы падтрымкі. "Сёння для нас вельмі важна адчуваць салідарнасць калегаў з іншых краін. Вядома, цяжка растлумачыць людзям, якія жывуць у цывілізаваным свеце, што ў пачатку XXI стагоддзя для музыкаў зачыненыя эфіры радыёстанцый і тэлеканалаў. Але мы павінны прайсці гэты шлях, а падтрымка такіх музыкаў пераконвае нас у тым, што мы ідзем у правільным накірунку", – падзяліўся ўражаннямі ад сустрэчы з еўрапейскімі калегамі лідэр беларускай групы "Крама" Ігар Варашкевіч. У ноч з 15 на 16 кастрычніка музыкі выступілі на сцэне аднаго з менскіх клубаў, дзе кожны з іх адыграў гадзінны сэт. Клуб ледзь змясціў жадаючых наведаць канцэрт – пачуць еўрапейскіх музыкаў прыйшлі некалькі сотняў беларусаў. "Музыкі здолелі стварыць атмасферу, якая схіляла ўсіх да абсалютнага душэўнага камфорту і на нейкі момант нам здалося, што мы былі не ў таталітарным Менску, а ў камфортным Лондане", – гаворыць адзін з арганізатараў канцэрту Мікалай Халезін. На адной сцэне з еўрапейскімі зоркамі выступілі беларускія музыкі Лаўр “DJ Laurel" Бержанін і Святлана Сугака, якія прэзентавалі свой сумесны, беспрэцэндэнтны для Беларусі, праект. Святлана, у суправаджэнні Лаўра Бержаніна, выканала чатыры кампазіцыі, тры з якіх – на словы беларускіх паэтаў, а адна – англамоўная – створаная на аснове тэксту культавай прамовы амерыканскага грамадскага дзеяча Марціна Лютэра Кінга I Have a Dream. "Фанк – гэта музыка свабодных людзей, менавіта музыкі фанку калісьці адмовіліся ад музычных стэрэатыпаў. І калі раней са свабодай асацыяваліся рок-музыкі, то сёння ў культурным супраціве знаходзяцца і фанк-музыкі", – гаворыць Лаўр Бержанін. Візіт еўрапейскіх музыкаў у Менск быў арганізаваны лэйблам Sounddiving Group і "Свабодным тэатрам" у рамках праекту "World Musicians for Solidarity with Belarus". Даведка: Florian Keller / Germany Адзін з вядучых funk & rare groove дзі-джэяў у свеце. Келлер уваходзіць у кангламерат сусветных лідэраў фанк-сцэны. Адны з лепшых у свеце кампіляцый – Party Keller vol.1-2 – выдадзеныя на самым буйным і перадавым музычным лэйбле Нямеччыны – Compost Records. У 1991 годзе Keller і яго сябры Michael Reinboth, а таксама вядучы мюнхенскі меламан Theo Thoennessen, заснавалі ў Еўропе культавы музычны рух – Eclectic Freestyle, які атрымаў назву Into Something. Into Something стала тым рухам, у рамках якога свае першыя сэты і канцэрты ў Еўропе давалі такія гранды незалежнай танцавальнай сцэны як Dj Shadow, Unkle, 4 Hero, Kruder&Dorfmeister, Gilles Peterson etc. Robert Luis / UK Кіраўнік аднаго з вядучых джаз-фанкавых лэйблаў у Брытаніі – Tru Thoughts. На самай прыстыжнай Брытанскай музычнай цырымоніі BBC Radio One Music Awards быў прызнаны "Лэйблам 2005 года". У склад Tru Thoughts уваходзяць такія сусветна вядомыя фанк-групы, як брытанкая The Quantic Soul Orchestra, аўстралійская група The Bamboos, а таксама музыкі Alise Russel & TM Juke, Bonobo & Treva Whateva, Quantic & Mr.Scruff etc. T-woc aka Michael Donohoe / Ireland Michael калекцыянуе пласцінкі funk, samba, hip-hop и reggae больш за 10 гадоў. З`яўляючыся нумарам адзін у Ірландыі дадзеных жанраў, дзі-джэй нядаўна гастраляваў па краіне ў падтрымку Мad Professor и Eek A Mouse, у дадзены момант рыхтуе да выхаду альбом, у якім прымуць удзел вядучы MC – Brother Culture з Брыкстана, і вядомы японскі вакаліст Katsumi. Mick знаходзіць час на вылучэнне мультымедыйных і міжнародных незалежных музычных праектаў, з`яўляючыся аднім з заснавальнікаў вядомага прома-агенцтва ў Ірландыі – Alphabet Set. Dj Laurel feat. Svetlana Sugako / Belarus Dj Laurel першым у Беларусі стаў паказваць Eclectic Freestyle і яго акустычны бок у такіх кірунках як Nu-Jazz, Jazz Beats&Breaks, Afro-Brazilian Grooves, Rare Funk & Soul. Dj Laurel (Лаўр Бержанін) на працягу сваёй кар`еры зарабіў рэпутацыю самага паслядоўнага і інтэлектуальнага дзі-джэя Беларусі. На сённяшні дзень Лаўр афіцыйны прадстаўнік і дыстрыбутар у Беларусі самога буйнага незалежнага лэйбла кантынентальнай Еўропы – Compost Records, а таксама партнёр брытанскага Tru Thoughts і вядучага берлінскага Sonar Kollektiv. Святлана Сугака – экс-вакалістка групы "Тарпач", пераможца конкурсу "Басовішча-2005". Уладальніца самой магутнай жаночай вакальнай атакі на беларускай незалежнай сцэне. ![]() Фларыян Келер ![]() Роберт Луіс ![]() Майкл Донах’ю ![]() Маладзёвыя лідэры Павел Юхневіч і Мікіта Сасім, журналістка Ірына Халіп падчас сустрэчы з музыкамі ![]() Валерыя Красоўская і Майкл Донах’ю ![]() «Мы памятаем» ![]() Святлана Сугака і Лаўр Бержанін ![]() Сэт Роберта Луіса ![]() Сэт Фларыяна Келера ![]() Сэт Майкла Донах’ю ![]() Фларыян Келер і Лаўр Бержанін ![]() Сумесны сэт Лаўра Бержаніна, Фларыяна Келера и Майкла Донах’ю dramaturg.org
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|