Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Шэсце на Дзяды пройдзе 29 кастрычніка 11:10, 18/10/2006
Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ падала заяўку на правядзенне мемарыяльнага шэсця і мітынгу, прысвечанага Дню памяці продкаў “Дзяды”. Датай абраная нядзеля 29 кастрычніка.
Як паведамляе “Еўрапейскае радыё”, заяўка пададзеная ў Мінскія гарадскі і абласны выканкамы. Маршрут абраны традыцыйны. На 11.30 прызначаны пачатак шэсця ад станцыі метро “Парк Чалюскінцаў”. У вядомым урочышчы Курапаты пасля шэсця адбудзецца мемарыяльны мітынг.
Выканаўца абавязкаў старшыні партыі Юрась Беленькі спадзяецца на станоўчы адказ: “Я думаю, што адказ будзе станоўчы. Як паказвае практыка, правядзенне гэтых мерапрыемстваў усяго з 1988 году ўлады толькі двойчы забаранялі цалкам і аднойчы — часткова. Так што, думаю, на гэты раз будзе дазвол і абласнога выканаўчага камітэту на мітынг у Курапатах і гарадскога выканаўчага камітэту — на шэсце. Сітуацыя такая, што ў любым выпадку людзі прыйдуць — будзе дазвол ці не будзе дазволу, бо гэта — абсалютна відавочная рэч… Традыцыйна прымае ўдзел да трох тысячаў у апошнія гады. Я кажу пра апошнія гады, я не бяру той кароткі адрэзак часу, калі была адносная дэмакратыя ў нас, у Беларусі. Цяпер, канечне, прыходзяць тыя людзі, якія не баяцца НКВДэшных відэакамераў, не баяцца нейкіх рэальных ці ўяўных рэпрэсіяў ”.