Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Незалежныя прафсаюзы не будуць удзельнічаць у сустрэчы афіцыйнай дэлегацыі з МАП 16:25, 18/10/2006
Незалежныя прафсаюзы не будуць удзельнічаць у сустрэчы афіцыйнай дэлегацыі з прадстаўнікамі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) 19 кастрычніка ў Жэневе. Аб гэтым БелаПАНу паведаміў старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандр Ярашук. Як паведамлялася раней, на 19 кастрычніка запланаваная сустрэча віцэ-прэм`ера Беларусі Андрэя Кабякова з прадстаўнікамі МАП.
Па словах А.Ярашука, у дадзеным выпадку працэдурай і рэгламентам сустрэчы не прадугледжана прысутнасць прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў. "Для нас не будзе нечаканасцю тое, што там будзе абмяркоўвацца", - заявіў А.Ярашук. Ён адзначыў, што сапраўднай мэтай візіту беларускай дэлегацыі ў Жэневу з`яўляецца вырашэнне сітуацыі, якая ўзнікла вакол магчымага выключэння Беларусі з генеральнай сістэмы прэферэнцый (ГСП) Еўрапейскага звяза. "У аснове ўсяго гэтага ляжыць ненармальнасць адносінаў, якія склаліся паміж Беларуссю і МАП", - лічыць А.Ярашук. Ён падкрэсліў, што "упершыню за апошнія 12 гадоў улады прыпёртыя да сценкі магчымымі жорсткімі рашэннямі міжнароднай супольнасці ".
Старшыня БКДП лічыць, што беларускі бок ідзе "на такі беспрэцэндэнтны крок, разлічваючы бязбольна для сябе разруліць сітуацыю". Па яго меркаванні, беларускі ўрад "гатовы да нейкіх пэўных дзеянняў, каб нармалізаваць становішча з правамі прафсаюзаў". "Нават тое, што такая дэлегацыя адпраўляецца і змушаная будзе браць на сябе нейкія абавязальніцтвы, з`яўляецца для нас станоўчым вынікам, - падкрэсліў А.Ярашук. - Гэта сведчанне таго, што мы не дарма змагаемся не толькі за абарону правоў і інтарэсаў працаўнікоў, але і за набліжэнне магчымасці дэмакратычных зменаў у краіне".
Нагадаем, сітуацыя з захоўванем правоў у рэспубліцы была разгледжаная 9 чэрвеня 2006 года на паседжанні Камітэта па нормах і стандартах МАП, якая праходзіла ў Жэневе ў рамках 95-й Міжнароднай канферэнцыі працы. Два годы назад Камісія МАП па расследаванні апублікавала 12 рэкамендацыяў па ліквідацыі парушэнняў правоў прафсаюзаў у рэспубліцы. Восем з іх павінны былі быць выкананыя да чэрвеня 2005 года, аднак гэтага не адбылося. Рашэнне аб пачатку следзтва ў дачыненні Беларусі было прынятае Адміністрацыйным саветам МАП у 2003 годзе ў сувязі са скаргай беларускіх прафсаюзаў.