Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Праваабаронцу будуць судзіць за «абразу» Лукашэнкі 11:20, 18/10/2006
Сёньня ў судзе Ленінскага раёну Менску пачнецца суд над праваабаронцай Кацярынай Садоўскай, паведамляе “Радыё Свабода”. Яе вінавацяць у абразе Аляксандра Лукашэнкі і пагрозе ў адносінах да судзьдзі, а таксама ў зьнявазе судзьдзі Кіраўскага раённага суду на Магілёўшчыне.
25 ліпеня супрацоўнікі КДБ наведалі Садоўскую дома і прапанавалі паехаць зь імі на размову. Вывезшы з дому, праваабаронцу памясьцілі ў псыхіятрычны шпіталь, а потым перавялі ў турму на Валадарскага.
60-гадовая Кацярына Садоўская ўзначальвае беларускую філію Пскоўскага рэгіянальнага грамадзкага руху “Веча”. Праваабаронца неаднойчы арганізоўвала пікеты з патрабаваньнем датрыманьня правоў чалавека ў Беларусі. Яна прысутнічала ў судах, дапамагала людзям, якія да яе зьвярталіся з просьбаю дапамагчы ім бараніць свае правы ў пракуратуры і міліцыі. Садоўскую шмат разоў арыштоўвалі і штрафавалі за праваабарончую дзейнасьць.
Спачатку Кацярыну Садоўскую абвінавачвалі ў тым, што яна нібыта зьневажала судзьдзю Кіраўскага раённага суду і пагражала ёй. Падставай для завядзеньня крымінальнай справы стаў запіс з аўтаадказьніка судзьдзі. Голас на стужцы зьневажае судзьдзю і згадвае прозьвішча Садоўскай, якая летась бараніла грамадзяніна Смайлава на працэсе ў гэтай судзьдзі. Да справы далучылі лісты з пагрозамі і праклёнамі, якія судзьдзя атрымала па пошце.
Напрыканцы сьледчых дзеяньняў Кацярыну Садоўскую абвінавацілі і ў абразе Аляксандра Лукашэнкі. Падставай для гэтай справы стаў зварот арганізацыі за подпісам Садоўскай ад 21 студзеня. У ім праваабаронца патрабавала псыхіятрычнай экспэртызы Аляксандра Лукашэнкі, заклікала да байкоту прэзыдэнцкіх выбараў і абвінавачвала расейскія спэцслужбы ў падтрымцы беларускага ўраду.
Сваякі Кацярыны Садоўскай непакояцца станам яе здароўя. Садоўская хворая на цукровы дыябэт, незадоўга да арышту перанесла складаную апэрацыю. Муж Кацярыны Віктар Садоўскі, інвалід, пасьля арышту жонкі застаўся дома з хворай цешчай.
Сёньня ў суд Ленінскага раёну прыйдуць паплечнікі Кацярыны Садоўскай, каб іх апыталі ў якасьці сьведкаў. Пачатак суду а 10-й гадзіне раніцы.