Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Сяргей Сацук: «Нераскрытымі застаюцца толькі заказныя справы» 12:37, 19/10/2006
Расследаванне забойства журналісткі Веранікі Чаркасавай прыпынена ў сувязi з тым, што не ўстаноўлены асобы, якiя здзейснiлi злачынства, - паведаміў ў інтэрв’ю газеце “Звязда” начальнік следчага аддзелу па асабліва важных справах пракуратуры Мінска Сяргей Іваноў. “На маю думку, гэтая крымiнальная справа — не безнадзейная, i яе расследаванне можа быць даведзена да лагiчнага канца,” – заявіў ён.
Галоўны следчы сталіцы лічыць, што злачынства не было дакладна прадуманым i загадзя падрыхтаваным. “Пра гэта яскрава сведчыць той факт, што забойца выкарыстаў нож, якi ўзяў на кухнi сваёй ахвяры. Калi б злачынца адразу ж меў намер забiць Чаркасаву, то ўзяў бы з сабой уласную зброю, а не спадзяваўся б на выпадкова знойдзены нож. Вось i ўсё, што я на дадзены момант магу сказаць наконт гэтага забойства,” — аргументаваў сваё меркаванне С. Іваноў.
Свой погляд на справу выказаў прэс-службе БАЖ кіраўнік агенцтва журналісцкіх расследаванняў Сяргей Сацук, які разам з калегамі (сярод якіх прафесійныя крыміналісты) таксама расследаваў забойства Веранікі Чаркасавай. “Натуральна, следчыя маюць больш рычагоў і магчымасцей – ім бачней. Але, на маю думку, вялікая колькасць нажавых раненняў яшчэ не гаворыць, што гэта спантаннае бытавое забойства. Смяротнае раненне сярод іншых толькі адно. Афіцыйнае следства ўказвае на той факт, што забойца ўзяў нож на кухні ахвяры. Аднак у той жа час ён пакінуў на сценцы кухоннай шафы крывавы адбітак, гэта можа значыць, што нож даставалі з шуфляды ўжо акрываўленымі рукамі. Забойца мог выкарыстаць сваю зброю, а потым ўзяць падобны па памерах нож, каб імітаваць бытавое забойства і гэтым збіць з толку следства. У кватэры слядоў бойкі і фізічнага супраціўлення не назіралася, усе рэчы знаходзіліся на сваіх месцах, суседзі таксама не чулі ніякіх крыкаў. Забойца дзейнічаў хутка, ціха, прафесійна. Згодна статыстыцы МУС, 99% бытавых забойстваў раскрываюцца. Яны непадрыхтаваныя, здзейснены на эмоцыях, як правіла пакідаюць многа слядоў і сведкаў. Нераскрытымі звычайна застаюцца толькі заказныя справы. Злачынцу, які забіў Вераніку Чаркасаву, не могуць знайсці ўжо два гады,” - выказаў сваё меркаванне Сяргей Сацук.
Вераніка Чаркасава, журналіст недзяржаўнай газеты “Салідарнасць”, была жорстка забіта ў сваёй кватэры ў Мінску раніцай 20 кастрычніка 2004 года. Забойца нанёс больш за 40 удараў нажом. Вераніка пісала на тэматыку грамадскага жыцця, а таксама праводзіла расследаванні на крымінальныя тэмы. Аднак следства адразу стала разглядаць версію забойства на бытавой глебе як асноўную. Падазронымі былі названы яе 15-гадовы сын і айчым. Толькі ў красавіку 2005 года з іх было знята падазрэнне. А ў канцы снежня 2005 г. кіраўнік следчага аддзелу па асабліва важных справах пракуратуры г. Мінска Сяргей Іваноў паведаміў прэс-службе ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", што папярэдняе расследаванне справы аб забойстве Веранікі Чаркасавай прыпынена "ў сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню да адказнасці ў якасці абвінавачанага".