Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускіх пісьменнікаў перарэгіструюць 16:09, 20/10/2006
Перад пачаткам XV з`езду грамадскага аб`яднання "Саюз беларускіх пісьменнікаў", які павінен адкрыцца 22 кастрычніка ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры, будзе праведзеная перарэгістрацыя сяброў СБП. Такое рашэнне прынятае ў Менску 19 кастрычніка на паседжанні савета Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Выступаючы на паседжанні, старшыня СБП Алесь Пашкевіч матываваў неабходнасць перарэгістрацыі "невызначанымі адносінамі да нашага саюзу некаторай часткі пісьменнікаў нараўне з адарванасцю ад дзейнасці аб`яднання і няплатай шматлікімі літаратарамі членскіх узносаў", – паведамляе БелаПАН.
Паэт Уладзімір Някляеў адзначыў, што перарэгістрацыю варта правесці ў сувязі са стварэннем альтэрнатыўнага грамадскага аб`яднання "Саюз пісьменнікаў Беларусі" і стратай Саюза беларускіх пісьменнікаў сваёй уласнасці.
На паседжанні рады быў зацверджаны новы юрыдычны адрас аб`яднання, павестка дня з`езду, прапанаваная радай кандыдатура А.Пашкевіча ў якасці старшыні СБП, а таксама састаў рэвізійнай камісіі, які будзе вынесены на абмеркаванне з`езду.
У адпаведнасці з раней прынятым палажэннем ганаровымі сябрамі СБП рада абрала ўкраінскіх пісьменнікаў, герояў Украіны Змітра Паўлычка і Івана Драча, старшыню Нацыянальнага камітэту Украіны па Дзяржаўных прэміях імя Тараса Шаўчэнкі Рамана Лубкіўскага і старшыню Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны, дэпутата Вярхоўнай рады Украіны (блок Юліі Цімашэнкі) Уладзіміра Яварыўскага, першага сакратара Саюза пісьменнікаў Масквы Рыму Казакову, старшыню Саюза пісьменнікаў Літвы Юнаса Ліняўскаса, перакладчыка беларускай літаратуры з Германіі Норберта Рандава, а таксама балгарскага паэта Найдэна Вылчава. Яны абраныя ганаровымі сябрамі СПБ "за вялікі ўклад у справу папулярызацыі беларускай літаратуры і ўмацаванне літаратурнага супрацоўніцтва".
У справаздачным дакладзе А.Пашкевіча на з`ездзе будзе адлюстраваная сітуацыя ў СПБ, а таксама праблемы асветніцкай місіі літаратараў і стан сучаснай беларускай літаратуры.
Як паведамлялася раней, 30 жніўня ў прысутнасці судовага выканаўцы і службоўцаў Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення Упраўлення справамі прэзідэнта СБП быў выселены з менскага Дома літаратара. Гэта адбылося пасля таго, як 2 сакавіка суддзя Гаспадарчага суду Менска Васіль Данілюк задаволіў іск ГГУ да творчага аб`яднання аб спагнанні 55,5 млн. рублёў і высяленні СБП з памяшкання Дома літаратара.