Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Актывісту апазіцыі прапаноўваюць пакінуць горад 16:47, 24/10/2006
Перад мясцовымі выбарамі ўлады Клецка вырашылі "перакрыць кісларод" мясцоваму актывісту дэмсіл Сяргею Панамарову. Актывіст дэмакратычных сіл Сяргей Панамароў на працягу 7 месяцаў за ўласныя сродкі друкаваў бюлетэнь "Бойкі Клецк", дзе інфармаваў сваіх землякоў аб палітычных, эканамічных і сацыяльных навінах у краіне, якія застаюцца за межамі афіцыйных СМІ.
Як паведамляе прэс-служба Аб`яднананай грамадзянскай партыі, свой бюлетэнь ён назваў у гонар кіраўніка Клецкага выканкама Анатоля Бойкі, які, па меркаванні апазіцыянера, лічыць сябе паўнапраўным і адзіным гаспадаром ў горадзе, і таму дастаўляе нямала праблем грамадзянам. У выданні Панамароў падымаў такія пытанні, як нездавальняльная праца служб камунальнай гаспадаркі і мясцовых службоўцаў.
Сяргей Панамароў і ягоная жонка Святлана, юрыст па адукацыі, прапанавалі жыхарам горада прававую дапамогу: кансультацыі, напісанне іскавых заяў. На пярэдадні мясцовых выбараў, падчас якіх муж і жонка не меркавалі заставацца ўбаку, на Сяргея Панамарэнку пачалося псіхалагічнае ўздзеянне.
У "Бойкім Клецку" былі дзве публікацыі, у якіх Сяргей Панамароў распавядаў аб тым, як рашэннем суду на яго наклалі штраф (9 млн. рублёў) за выкарыстанне майстэрняў, раней набытых ім ва ўласнасць і пасля па рашэнні мясцовага начальства ў яго адабраных. Пасля публікацыі гэтага артыкулу яго выклікалі ў міліцыю і прыстрашылі ўзбуджэннем крымінальнай справы па ар. 188-2 (г.зн. за "паклёп"). Больш таго: некалькі дзён Панамарова не было ў горадзе, і ў гэты перыяд яго жонцы некалькі разоў тэлефанавалі і "па-сяброўску" раілі на час – да 14 студзеня, калі адбудуцца мясцовыя выбары, з`ехаць з горада.