Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Царква «Новае жыццё» падае скаргу ў пракуратуру за паклёп 17:03, 24/10/2006
Заўтра, 25 кастрычніка, вернікі царквы "Новае жыццё" звярнуцца са скаргай у Пракуратуру Рэспублікі Беларусь з просьбай прыцягнуць да крымінальнай адказнасці аўтара і ўдзельнікаў паклёпніцкіх сюжэтаў тэлеканала "Сталічнае тэлебачанне": супрацоўніцу СТВ Людмілу Джураеву, начальніка аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Менгарвыканкама Алу Рабіцэву і кандыдата гістарычных навук Івана Янушкевіча.
Паводле беларускага заканадаўства, 19 кастрычніка царква падала заяву з патрабаваннем да кіраўніцтва Сталічнага тэлебачання размясціць аспрэчанне ілжывай інфармацыі аб царкве "Новае Жыццё", якая прагучала ў выпуску навін 14 і 15 кастрычніка.
– Мы лічым гэтыя рэпартажы паклёпніцкімі, паколькі факты, выкладзеныя ў іх, не адпавядаюць рэчаіснасці і носяць правакацыйны характар, – заявіў юрыст царквы Сяргей Луканін. – У выніку грубіянскага мантажу маіх слоў у рэпартажы СТВ прагучала выказванне, сэнс якога зводзіцца да таго, што ўсе ўдзельнікі акцыі пратэсту абавязваюцца галадаць да смяротнага зыходу.
Рашэнне звярнуцца ў пракуратуру было прынятае пасля тэлефоннай размовы з юрысконсультам тэлеканала Галінай Дварцовай, з якога стала зразумела, што гэтае пытанне дагэтуль нават не разглядалася кіраўніцтвам СТВ, бо ў юрысконсульта "няма часу гэтым займацца" і "галадоўка вернікаў да яе не датычыцца". Калі юрыст царквы Сяргей Луканін нагадаў, што ў выпадку адмовы кіраўніцтва тэлеканала даць праўдзівую інфармацыю пра "Новае жыццё" вернікі будуць вымушаныя падаць скаргу ў Пракуратуру, Г.Дварцова адказала:"Пішыце, куды хочаце. Нас гэта не хвалюе".