Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
АБСЕ сочыць за галадоўкай на «Белшыне» 15:30, 24/10/2006
Прадстаўніца менскага офіса АБСЕ па пытаннях правоў чалавека Фіёна Фрэйзер 24 кастрычніка сустрэлась з галадаючымі працаўнікамі бабруйскага ААТ "Белшына" (Магілёўская вобласць). Аб гэтым БелаПАН паведаміў адзін з удзельнікаў галадоўцы, старшыня Беларускага незалежнага прафсаюза (БНП) на ААТ "Белшына" Рыгор Спасюк.
Па яго словах, Ф.Фрэйзер была ў Бабруйску праездам і сустрэлася з удзельнікамі галадоўцы, а таксама з намеснікам генеральнага дырэктара прадпрыемства па ідэалагічнай працы, упраўлення персаналам і сацыяльнымі пытаннямі Рыгорам Казловым.
Р.Спасюк паведаміў, што зараз на прадпрыемстве галадаюць восем чалавек. Ініцыятар акцыі, намеснік старшыні БНП на ААТ "Белшына" Алена Захожая, галадае на працоўным месцы з 3 кастрычніка. Удзельнікі галадоўцы патрабуюць зарэгістраваць першасную арганізацыю БНП на прадпрыемстве ў органах мясцовай улады (для гэтага неабходна, каб ААТ "Белшына" дало пяршоўцы юрыдычны адрас, што наймальнік адмаўляецца рабіць), выплаціць сябрам БНП прэміі і даплаты на аздараўленне, якія ўжо атрымалі астатнія працаўнікі прадпрыемства.
"У бліжэйшы час да галадоўцы плануюць далучыцца яшча два чалавекі. пакуль ні пра якое спыненне нашай акцыі пратэсту гаворка не ідзе, і мы будзем галадаць датуль, пакуль улада не спыніць парушаць нашыя грамадзянскія і канстытуцыйныя правы. Пакуль факты сведчаць пра іншае", – заявіў Р.Спасюк БелаПАН.