Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ірына Казуліна: «Ім прыйдзецца адказваць перад сваімі дзецьмі, сумленнем і гісторыяй» 14:27, 24/10/2006, фото ByMedia.net
"Санкцыі ў дачыненні да суддзяў і пракурораў, якія вынасілі "палітычныя прысуды", уводзіць, вядома, трэба. Але шчаслівая асаблівасць майго характару – не азірацца назад. Я ўжо абыякавая да гэтых людзей. Санкцыі – гэта дробязь у параўнанні з тым, што гэтым "катам" прыйдзецца адказваць перад сваімі дзецьмі, перад сваім сумленнем і перад гісторыяй", – заявіла Ірына Казуліна, жонка палітвязня Аляксандра Казуліна, каментуючы прэс-цэнтру Хартыі`97 забарону на ўезд у краіны Еўразвяза, уведзеную ў дачыненні да пракурораў і суддзяў, якія вынеслі прысуды экс-кандыдату ў прэзідэнты і актывістам грамадзянскай ініцыятывы па назіранні за выбарамі "Партнёрства".
Па меркаванні Ірыны Казулінай, Еўразвяз сёння "павінен грамчэй казаць пра нелегітымнасць Лукашэнкі, грамчэй рабіць заявы, каб гэта дайшло і да простых беларускіх грамадзян".
"Трэба абавязкова дзейнічаць. Калі ўсе маўчаць, значыць, усе змірыліся", – упэўненая жонка экс-кандыдата.
Нагадаем, што Аляксандр Казулін, які знаходзіцца ў зняволенні ў віцебскай калоніі, з 20 кастрычніка пачаў галадоўку пратэсту. Яе мэта – прыцягнуць увагу Савета Бяспекі ААН да "самавольства, якое дзеецца ў Беларусі".
Па словах жонкі палітвязня, сёння яна зноў тэлефанавала начальніку калоніі "Віцьба-3", цікавілася станам здароўя мужа.
"Начальнік калоніі адказаў суха і сцісла. Сказаў, што ўсё добра, лекар аглядае яго кожны дзень. Я прасіла даць мне тэлефон лекара, але ён мне сказаў, што ў таго толькі ўнутраны тэлефон і звязацца з ім нельга...", – паведаміла Ірына Казуліна.
У чацвер Аляксандра Казуліна наведае адвакат Ігар Рынкевіч.
"Сёння адзіная магчымасць даведацца пра стан здароўя майго мужа і другога галадаючага – Сяргея Скрабца – гэта як мага часцей сустракацца ім з адвакатам. Ліміт наведвання сваякамі, нажаль, ужо вычарпаны", – сказала Казуліна.