Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
22 кастрычніка прадстаўнікі сілавых структураў апячаталі жодзінскі офіс грамадзкага аб’яднаньня інвалідаў вайны ў Аўганістане, а 23 кастрычніка правялі ў ім вобыск. Былі сканфіскаваныя каля трохсот асобнікаў газэты “Народная воля”, кампутары і 300 фальшывых даляраў. Вобыск адбываўся ў рамках крымінальнай справы, заведзенай на Аляксандра Камароўскага, старшыні грамадзкага аб’яднаньня інвалідаў вайны ў Аўганістане, пасьля таго, як уноч з 21 на 22 кастрычніка на беларуска-польскай мяжы ў яго былі знойдзеныя 500 фальшывых даляраў. Тады лідэр інвалідаў-аўганцаў накіроўваўся ў Варшаву на сустрэчу з прадстаўнікамі партнёрскіх арганізацыяў. На брэсцкай мытні ў шапцы сп. Камароўскага нечакана аказаліся фальшывыя 500 даляраў. Берасьцейскія мытнікі і міліцыянты зьнялі яго з цягніка і ўчынілі шматгадзінны допыт.
Аляксандар Камароўскі — падпалкоўнік у адстаўцы, удзельнік вайны ў Аўганістане. Дваццаць гадоў таму заснаваў грамадзкае аб’яднаньне інвалідаў-аўганцаў. Дадзены інцыдэнт сп Камароўскі называе правакацыяй.
“Радыё Свабода” ён патлумачыў: “Вось два артыкулы выйшлі ў мяне ў “Народнай Волі”. Вось з гэтым я і зьвязваю. І плюс у аўганскім руху я прынцыповы, незалежны камандзір”.
У артыкулах спадара Камароўскага, што надрукавала газэта “Народная Воля” і некаторыя інтэрнэт-выданьні, у тым ліку сайт Хартыі’97, выказваецца публічная крытыка на адрас уладаў, крытыкуецца і Аляксандар Лукашэнка. У прыватнасьці, аўтар паведаміў, што зьбіраецца на базе аўганскага руху ствараць апазыцыйную палітычную партыю.
У Жодзіне Аляксандар Камароўскі пачаў адкрыта супрацоўнічаць з мясцовымі апазыцыянэрамі. Напрыклад, у жніўні з удзелам “аўганцаў” праходзіў летнік для дэмакратычнай моладзі, які разагналі міліцыянты. Сярод паплечнікаў спадара Камароўскага моладзевы актывіст Павал Красоўскі, які пракамэнтаваў сітуацыю наступным чынам: “Я таксама лічу, што гэта правакацыя з боку спэцслужбаў. Зразумела, што ня мог такі паважаны чалавек везьці фальшывыя даляры. Заўсёды дапамагае моладзі гораду, старым, дапамагае тым, хто шукае працу і ня можа ўладкавацца”.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч лічыць:
"Факт узбуджэньня крымінальнай справы супраць кіраўніка жодзінскага грамадзкага аб’яднаньня інвалідаў вайны ў Аўганістане, сябрам якой таксама з`яўляецца Павел Красоўскі, насьцярожвае досыць дзіўнай заканамернасьцю: як толькі сп. Камароўскі публічна выступіў у абарону Паўла, якога затрымалі і падазравалі ў далучанасьці да віцебскіх выбухаў і нават забойствах, праз нейкі час у яго знаходзяць фальшывыя грошы. Падобная акалічнасьць мне здаецца вельмі невыпадковай, бо фальшывыя долары ўжо не адзін раз фігуравалі ў палітычна матываваных крымінальных справах, варта узгадаць справу Міхаіла Марыніча, калі былога дапламата падазравалі ў захоўваньні нібыта вялікай колькасьці фальшывых долараў, што, аднак, не падцьвердзіла экспертыза. Такі метад, калі падкідваюць наркотыкі ці фальшывыя грошы, даволі часта выкарыстоўваецца ў некаторых краінах постсавецкай прасторы, таму крымінальная справа супраць Аляксандра Камароўскага, відавочна, не выпадковая".