Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Юшчанка не дапаможа Лукашэнку з газам 10:16, 25/10/2006
У НАК "Нафтагаз Украіны" аспрэчылі інфармацыю аб тым, што Украіна гатовая ў 2007 годзе паставіць у Беларусь 10 млрд. кубаметраў газа з туркменскага аб`ёму, вылучанага кампаніяй "RosUkrEnergo" для Украіны. Расейская газета "КоммерсантЪ", спасылаючыся на крыніцу ва ўкраінскім Кабінеце міністраў, паведаміла, што Беларусь сама звярнулася з прапановай аб такой схеме (паколькі яна з`яўляецца самай выгаднай на тэрыторыі СНД).
Як растлумачылі БелаПАН у прэс-цэнтры ўкраінскага "Нафтагаза", такі рээкспарт немагчымы па двух чынніках. Па-першае, штогадовая неабходнасць Украіны ў газе складае 75 млрд. кубаметраў. Паводле дамоўленасцяў, у 2007 годзе "Укргазэнерго" сапраўды закупіць 55 млрд. кубаметраў расейскага і туркменскага газу па кошце 130 даляраў за тысячу кубаметраў. Разам са здабытымі ва Украіне 20 млрд. гэты аб`ём складзе 75 млрд. кубаметраў – менавіта тую колькасць, якая неабходная ўкраінцам на наступны год.
Па-другое, газаправод Івацэвічы-Даліна, што звязвае Украіну і Беларусь, будаваўся ў савецкі час для таго, каб пампаваць газ з Расеі праз Беларусь ва Украіну, а не наадварот. Тэарэтычна, раз трубы ёсць, можна паспрабаваць запусціць газ і ў другі бок, але практычна гэтага рабіць ніхто не збіраецца, бо сэнсу ў такой перапампоўцы няма.
Гэтую інфармацыю пацвердзіў БелаПАН і дырэктар па знешнеэканамічных сувязях "Укртрансгаза" Ігар Панамарэнка. "Газаправод Івацэвічы-Даліна працуе, але не на поўную магутнасць, – паведаміў ён. – І праблема сёння не ў тым, колькі і куды ён зможа перапампоўваць, а ў тым, ці будуць наогул рэсурсы. Украіна думае аб тым, як забяспечыць газам сябе, а аб рээкспарце, наколькі я ведаю, звычайна гавораць, калі ёсць лішкі чагосьці".