Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Апазіцыйны палітык з Гомеля Віктар Карніенка 24 кастрычніка накіраваў скаргу начальніку Чыгуначнага райаддзела міліцыі на адмову выдаць дазвол на часовыя выезды за мяжу.
Як паведаміў карэспандэнту БелаПАН В.Карніенка, 7 кастрычніка ён звярнуўся ў аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі Чыгуначнага райаддзела міліцыі для атрымання ў паскораным парадку дазваленчага штампа для часовых выездаў за мяжу. Як і патрабавалася, заплаціў за гэта адпаведную суму. З моманту звароту прайшло не сем, як прадугледжваецца, а 15 дзён. 24 кастрычніка апазіцыйнаму палітыку было адмоўлена ў выдачы дазваленчага штампа. Інспектар аддзялення Алена Мінчук заявіла, што з абласнога ўпраўлення КДБ пакуль не атрыманая картка, якая дазваляе атрымаць неабходны штамп. В.Карніенка патрабуе ад начальніка райаддзела міліцыі Аляксандра Некрашэвіча пісьмова растлумачыць чыннікі адмовы. Ён звяртае таксама ўвагу на тое, што падобны інцыдэнт ужо меў месца.
У 2004 годзе В.Карніенку Чыгуначны райаддзел ужо зацягваў выдачу дазволу на выезд за мяжу. Урэшце рэшт, выдаць дазвол абавязаў міліцыю раённы суд, куды звярнуўся палітык з іскам. Тады міліцыя вярнула палітыку грошы за невыкананне паскоранага афармлення дазволу і выплаціла судовыя выдаткі. Гэтым разам В.Карніенка мае намер спагнаць з міліцыі і маральныя страты па чынніку зрыву важнай для яго паездкі за мяжу.
Палітык актыўна ўдзельнічаў у прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў штабе Аляксандра Мілінкевіча і знаходзіўся пад наглядам спецслужб, пра што сведчыць раздрукоўка яго тэлефонных гутарак, змешчаная ў адной з дзяржаўных газет.
У аўторак з`явілася інфармацыя, што Савет ААН па правах чалавека прыняў да разгляду скаргу В.Карніенкі на дзеянні выбарчай камісіі падчас парламенцкіх выбараў 2004 года.