Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Галадаючых пратэстантаў турбуюць невядомыя ў цывільным 14:25, 25/10/2006
110 пратэстантаў удзельнічаюць на дадзены момант у бестэрміновай галадоўцы ў абарону менскай царквы "Новае жыццё" Аб`яднання суполак хрысціянаў поўнага Евангелля Рэспублікі Беларусь. Як паведаміла БелаПАН прэс-сакратар царквы Іна Давыдовіч, з 110 галадаючых 33 увесь час знаходзяцца ў храме суполкі, які размяшчаецца па вул. Кавалёва, 72. Сорак чалавек праводзяць галадоўку, начуючы ў царкве і час ад часу наведваючы яе ўдзень. "Акрамя таго, 37 чалавек удзельнічаюць у акцыі пратэсту ў шэрагу гарадоў Беларусі, Расеі, Украіны і Фінляндыі. Мінулай ноччу ў храме знаходзіліся 73 чалавекі. Становішча вакол царквы спакойнае, а стан здароўя галадаючых здавальняючы", – сказала І.Давыдовіч. Разам з тым яна адзначыла даволі агрэсіўныя паводзіны невядомых у цывільным, якія перыядычна знаходзяцца ў вагончыку будаўнікоў непадалёк і правакуюць вернікаў на бойку.
"Акрамя таго, учора невядомыя, наладзіўшыся на радыёхвалю супрацоўнікаў царквы і яе аховы, спрабавалі задаваць правакацыйныя пытанні. У адказ мы ўключылі для іх духоўны гімн беларускай інтэлігенцыі "Магутны Божа"", – сказала І.Давыдовіч.
Па яе словах, на працягу мінулых сутак царкву наведалі хрысціянскі спявак і кампазітар Аляксандр Патліс, які ўручыў кветкі жанчынам – удзельніцам галадоўцы, і старшыня фонду "Духоўная дыпламатыя" (ЗША) Вадзім Кот. "Пасля знаёмства з нашымі праблемамі ён паведаміў пра свой намер паінфармаваць кіраўніцтва фонду аб неабходнасці садзейнічання нашай суполцы", – адзначыла І.Давыдовіч. Толькі за апошнія суткі царква атрымала 12 паведамленняў салідарнасці з Беларусі, Канады, Ірландыі і ЗША.
Нагадаем, галадоўка пачалася 5 кастрычніка. Тыя, хто пратэстуе, патрабуюць адмены рашэння Менгарвыканкама аб пазбаўленні царквы зямлі і будынка, а таксама надаць культавы статус будынку царквы, у якім раней знаходзіўся кароўнік, выкуплены суполкай у калгасу імя Міхася Калініна. Адным з доказаў пазапраўнасці дзеянняў улад галадаючыя лічаць мізэрную суму ацэнкі квадратнага метра будынка – прыкладна 10 даляраў ЗША, за якую прапанавана прадаць храм дзяржаўнаму фонду "Менгармаёмасць".