Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Зміцер Дашкевіч: «Самая вялікая праблема тут – недахоп паветра» 14:28, 26/10/2006
Газэта “Наша Ніва” надрукавала сёння чарговы ліст з-за кратаў лідэра “Маладога Фронта” Зміцера Дашкевіча. Маладзёвы лідэр больш месяца ўтрымліваецца ў следчым ізалятары Менску. 30 кастрычніка Дашкевіча будуць судзіць па артыкулу 193 Крымінальна кодэкса – “выступленне ад імя незарэгістраванай арганізацыі”.
«Хадзіў да стаматоляга, бо кавалак зубу адкалоўся (во закармілі перадачамі). Дык там на дзьвярах такі надпіс вісіць: «СТОМАТОЛОГ. Вырывание зубов». Да такого нават Ільф і Пятроў ня здолелі дадумацца! Ну, зубы я там лячыць ня стаў.
Умовы ўтрыманьня тут такія: 16 шконак (8 двайных нараў) і недзе па 23 нас тут звычайна знаходзіцца. Самая вялікая праблема тут – недахоп паветра, бо тут на кратах стаяць «рэсьнічкі» (жалезныя жалюзі, якія ня рухаюцца, безумоўна, і празь іх можна глядзець толькі наверх, і тое ў вузкую шчылінку). Неяк, пасьля візыту АБСЭ, іх паздымалі, а праз палову году ізноў вывесілі. Так што ў камэры 36 мэтраў квадратных (я падлічыў ужо дакладней) сядзіць 23 чалавекі, а вакно мэтар на мэтар і тое ўсё жалезам абваранае.
Атаварка раз на два тыдні, і то там можна замаўляць ня болей, чым па дзьве штукі кожнага віду. Напрыклад, там масла два пачкі ці цукру. А толку тут ад іх – за адзін прысест.
Кормяць раніцой шлёмкаю якой пярловачкі, абед – суп і таксама каша якая-небудзь, вячэра – ізноў каша. Самая казырная страва – капуста з вадою, каторую ніхто ня есьць, дык адміністрацыя вядром гэтай капусты ўвесь цэнтрал можа накарміць. Я дык раніцою ўжываю гарбатку, потым у гадзінак 10 ем кашку, а там як атрымліваецца. У абед можна якога супца махануць з цыбулькаю і кавалкам кілбасы, а ўвечары што-небудзь салодзенькае з гарбаткаю. Карацей, я тут не галадаю, усё добра.
А так навінаў тут асаблівых у мяне няма. Вадзілі ў душ – кожнаму выдалі аж па тазіку гарачай вады! А яшчэ прыносяць газэты (БР, БГ, Звязда, Камса), шкада, што НН выкрэсьлілі з каталёгаў.
За мяне не хвалюйцеся – усё добра. Ежы хапае, кнігаў таксама, газэты прыходзяць – эх! Жыцьцё ідзе!».