Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Больш за тысячу сьведкаў гатовыя выступіць у абарону Дашкевіча 11:20, 27/10/2006
Актывісты “Маладога фронту” сабралі 1273 подпісы людзей, якія гатовыя сьведчыць у судзе ў абарону лідэра арганізацыі Зьміцера Дашкевіча, паведамляе “Радыё Свабода”. Многія з іх зьбіраюцца 30 кастрычніка прыйсьці да суду Кастрычніцкага раёну Менску, дзе пачнецца працэс над актывістам. Зьмітра Дашкевіча будуць судзіць паводле артыкулу 193, часткі 1 Крымінальнага кодэксу — стварэньне ці ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.
Цягам апошняга месяца сябры й паплечнікі Зьмітра зьвярталіся па дапамогу да амбасадаў краінаў Эўразьвязу ў Менску, у Эўракамісію і АБСЭ. Праводзілі вулічныя акцыі пратэсту.
У сьпісе абаронцаў Дашкевіча — лідэр дэмакратычных сіл Аляксандар Мілінкевіч, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, пісьменнік Уладзімер Аролоў ды іншыя. Яшчэ некалькі соцень маладафронтаўцаў, іхных бацькоў і знаёмых выкліканыя позвай у суд на 31 кастрычніка. Яны зьбіраюцца засьведчыць, што належаць да арганізацыі “Малады фронт” і будуць патрабаваць судзіць іх па тым жа артыкуле, што і Зьмітра Дашкевіча.
Маладафронтаўцы зьбіраюцца прыйсьці да суду са сьвечкамі й партрэтамі Зьмітра Дашкевіча. 29 кастрычніка яны зьбіраюцца правесьці акцыю ў абарону Зьмітра ў рамках шэсьця на Дзяды. 30 кастрычніка акцыі салідарнасьці з Дашкевічам плянуецца правесьці ў Польшчы, Літве і Ўкраіне.