Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Адвакат Зміцера Дашкевіча: Паўтарыўся сцэнар, які быў апрабаваны на «Партнёрстве» 16:49, 01/11/2006
"Падчас судовага працэсу над Зміцерам Дашкевічам паўтарыўся сцэнар, які быў апрабаваны на актывістах "Партнёрства". Вельмі шмат аналогій па асноўных момантах – па манеры весці следства, па зачыненасці следства і судовага працэсу. Абаронай былі скарыстаный розныя довады, у тым ліку, што арт. 193 Крымінальнага кодэкса супярэчыць Канстытуцыі, аднак ніхто нас не збіраўся слухаць. Сістэма не прымае ніякіх довадаў. Думаю, гэты сцэнар прызначаны для шматлікіх людзей", – заявіў прэс-цэнтру Хартыі`97 адвакат Зміцера Дашкевіча Аляксандр Галіеў, каментуючы прысуд моладзеваму актывісту – 1,5 гады калоніі агульнага рэжыму за "дзейнасць ад імя незарэгістраванй арганізацыі".
Па словах адваката, ён па-ранейшаму не можа распавядаць аб тым, як адбывалася судовае паседжанне, паколькі нясе крымінальную адказнасць за разглашэнне дадзеных. "Я шмат чаго не магу сказаць, і гэта таксама зроблена наўмысна, каб вы, сродкі масавай інфармацыі, не маглі данесці да грамадзян, што на самой справе адбывалася ў судзе", – кажа Галіеў.
Абарона мае намер у самы блізкі час абскардзіць прысуд Зміцеру Дашкевічу ў судовай калегіі па крымінальных справах Менскага гарадскога суду.
Нагадаем, што па артыкуле 193 КК РБ ужо асуджаныя актывісты грамадзянскай ініцыятывы па назіранні за выбарамі "Партнёрства". У зняволенні зараз знаходзяцца актывісты "Партнёрства" Цімафей Дранчук і Мікалай Астрэйка, якіх суд прысудзіў да аднаго і двух гадоў пазбаўлення волі адпаведна.
Артыкул "дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі" з`явіўся ў Крымінальным кодэксе напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Па меркаванні назіральнікаў, выключна для ціску на грамадскіх актывістаў і праваабаронцаў.