Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Своеасаблівым працягам кампаніі “Песьні Свабоды” стане праца незалежнага лэйбла “VoliaMusic” над выданьнем першага караоке-дыску лепшых беларускіх песень. Плянуецца, што ўся стапесеньная праграма кружэлкі будзе складзеная паводле прапановаў саміх слухачоў. Праца над складаньнем ужо распачатая, і “Тузін Гітоў” тым часам цікавіцца ў беларускіх музычных дзеячаў іх думкамі з нагоды выданьня беларускага караоке.
Вакаліст магілеўскага гурта “Tav.Mauzer” Ян “Маўзэр” адзначае, што “VoliaMusic” і спадар Puper маюць сапраўды крэтыўныя ідэі, і выданьне першага беларускага караоке-дыску лепшая зь іх. “На жаль, ні разу ня чуў беларускіх песень у варыянце караоке, кажа Ян, але аднойчы, калі быў у сваякоў у горадзе Бяроза, яны прапаноўвалі мне прасьпяваць пад караоке песьню “Крамбамбулі”. Гэта быў адзіны такі выпадак, і, прызнацца, я быў прыемна зьдзіўлены!”
А вось аўтар праетаў “Народны Альбом” і “Салідарныя зь Беларусьсю” Міхал Анемпадыстаў выказаў спрэчныя меркаваньні: “Спачатку такая ідэя мне спадабалася, але потым я падумаў караоке у нас звычайна выконваюць нападпітку. Калі ж на дыск патрапяць розныя знакавыя для беларусаў песьні і іх будуць сьпяваць у не зусім цьвярозым стане, то гэта будзе выглядаць ня вельмі прыгожа!”
Аляксандар Памідораў да ідэі выданьня беларускіх песень у варыянце караоке падыйшоў нечакана скептычна: “Уласна я не люблю караоке, і не лічу гэта добрай забавай, кажа Аляксандар, і ў пацьверджаньне думак Міхала Анемпадыстава прызнаецца, хаця раз-пораз на падпітку магу што-небудзь і засьпяваць. Можна сьпяваць пад гітару, а караоке гэта масавасьць, да якой я кепска стаўлюся.” Што асабліва зацікавіла Аляксандра якім чынам выдаўцы вырашаць юрыдычныя пытаньні з музыкамі: “Ці будуць клапаціць сябе заключэньнем дамоваў з музыкамі?”
Адказаць на пытаньне спадара Памідорава згадзіўся Puper: “У кожнага музыкі асабіста мы будзем браць дазвол на скарыстаньне яго твору. Тым больш, гэта музыкі, зь якімі мы ўжо працавалі.” Варта ў гэтым выпадку падкрэсьліць, што і гэты праект незалежнага лэйблу “VoliaMusic” будзе абсалютна некамэрцыйным першыя 1000 чалавек, якія дашлюць свае прапановы наконт зьместу гэтай унікальнай кружэлкі змогуць стаць яе уладальнікамі бясплатна.
Адначасова "VoliaMusic" зьвяртаецца да тых, хто можа дапамагчы ў тэхнічным забесьпячэньні гэтага праекту і просіць адгукнуцца музыкаў, якія жадалі б прапанаваць свае творы. Дасылаць свае прапановы, а таксама 20 улюбёных песень, якія б вы хацелі ня толькі пачуць, але і прасьпяваць, выдаўцы просяць электроннай поштай – karaoke2006@tut.by тэрмінам да 1 сьнежня.