Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Галоўны рэдактар «КП в Беларуси» звольнілася па ўласным жаданні 10:37, 02/11/2006
Юлія Слуцкая, якая доўгія гады працавала рэдактарам самай масавай недзяржаўнай газеты "Комсомольская правда" в Беларуси", 1 лістапада звольнілася з гэтай пасады па ўласным жаданні.
"Комсомольская правда" в Беларуси" з`яўляецца рэгіянальным выпускам расейскай газеты "Комсомольская правда", зарэгістравана ў Беларусі як сродак масавай інфармацыі. Тыраж газеты ў звычайныя дні складае каля 48 тыс. экзэмпляраў, а па чацвяргах (так званай "таўстушкі") – больш за 312 тыс.
Як заявіла БелаПАН Марына Стацэнка, генеральны дырэктар ЗАТ "БелКП-ПРЕСС", якое выдае "Комсомольскую правду" в Беларуси", сыход з пасады рэдактара – "рашэнне самой Юліі Слуцкай". М.Стацэнка высока ацаніла прафесійны ўзровень былога рэдактара, адзначыўшы, што "Юлія, відавочна, перарасла гэты статус".
Уладзімір Сунгоркін, генеральны дырэктар і галоўны рэдактар расейскай газеты "Комсомольская правда", які 1 лістапада знаходзіўся ў Менску, выказаў падзяку Ю.Слуцкай за яе шматгадовую працу. Ён таксама заявіў аб гатовасці да далейшага супрацоўніцтва з ёй як, напрыклад, з экспертам для якога-небудзь іншага рэгіянальнага выпуску "Комсомольской правды".
Сама Ю.Слуцкая пацвердзіла, што пакінула пасаду рэдактара "Комсомольской правды" в Беларуси", аднак адмовілася каментаваць гэты крок.
Ю.Слуцкая па адукацыі філосаф. Прапрацавала ў ЗАТ "БелКП-ПРЕСС" 12 гадоў. На пасадзе рэдактара "Комсомольской правды" в Беларуси" знаходзілася з 1996 года.
Выканаўцай абавязкаў рэдактара "Комсомольской правды" в Беларуси" прызначаная Алена Міронава, якая дагэтуль рэдагавала рэкламна-інфармацыйную газету "Ва-банкъ" – яшчэ адно выданне "БелКП-ПРЕСС".
Па словах генеральнага дырэктара ЗАТ "БелКП-ПРЕСС" М.Стацэнка, у рэдакцыі "Комсомольской правды" в Беларуси" "ніякіх хваляванняў не мяркуецца" і "не плануецца змены характару газетнага кантэнту".