Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Менск прапанаваў Баку трубаправод у абмен на нафту 10:53, 03/11/2006
Не прайшло і двух тыдняў пасля паездкі ў Менск прэзідэнта Азербайджана, як у Баку прыбыла дэлегацыя беларускага ўрада на чале з першым намеснікам прэм`ер-міністра Уладзімірам Сямашкай, піша расейская "Независимая газета". Ён сустрэўся з кіраўніком азербайджанскага ўрада Артурам Расізадэ і, як паведамляюць афіцыйныя крыніцы, "абмеркаваў перспектывы развіцця двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва і рэалізацыі дамоўленнасцяў, дасягнутых падчас афіцыйнага візіту Ільхама Аліева ў Беларусь". Па словах Сямашкі, асноўнай мэтай яго візіту ў Баку была прапрацоўка момантаў для стварэння сумесных прадпрыемстваў – у прыватнасці, у вобласці здабычы і транспартоўкі нафты.
Трэба адзначыць, што цікавасць Менска да азербайджанскіх энерганосьбітаў узрастае на фоне бачнай напружанасці ў адносінах паміж Беларуссю і Расеяй. Нагадаем, што падчас тэлевізійнай сувязі прэзідэнта РФ з насельніцтвам Уладзімір Пуцін зазначыў: "Нас некаторыя рэчы турбуюць: мы глядзім на аб`ёмы паставак сырой нафты на беларускія НПЗ, глядзім на запатрабаванні самой рэспублікі і глядзім на тое, колькі пастаўляецца потым нафтапрадуктаў за мяжу. Тут нам, вядома ж, трэба наводзіць парадак у працэсе нармалёвага дыялогу з нашымі беларускімі калегамі". Гэтыя пасылы прымусілі Лукашэнку сур`ёзна задумацца над пошукам альтэрнатыўных крыніц нафты і газу. Таму Менск ускладае вялікія надзеі на Баку, якому Лукашэнка гатовы падаць беларускую тэрыторыю і трубаправоды для транзіту каспійскай нафты ў Прыбалтыку і Польшчу. Беларускі кіраўнік лічыць, што "наяўнасць у Азербайджане буйных радовішчаў нафты і газу, а ў Беларусі – сучаснага, магутнага нафтахімічнага комплексу – гэта аснова, на якой могуць узаемавыгадна развівацца адносіны паміж двума краінамі ў вобласці энергетыкі".
Аднак, якімі б прывабнымі ні былі прапановы Менска, Баку пакуль не гатова далучыцца да рэалізацыі гэтых праектаў. Дарэчы, на гэта Уладзіміру Сямашкі дыпламатычна ківаў і азербайджанскі прэм`ер Расізадэ, які падкрэсліў, што дадзеныя праекты павінны быць узаемавыгаднымі, таму неабходна ўсебакова разглядзець і абмеркаваць аспекты выказаных прапаноў.
Што ж датычна да пытання развіцця супрацоўніцтва з Беларуссю, то Баку не супраць развіваць гандлёвыя сувязі і ствараць сумесныя прадпрыемствы, але не ў нафтавай сферы. Напрыклад, у вобласці паслуг і развіцця сельскай гаспадаркі.