Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Амбасадары ЗША і Еўразвяза наведалі царкву «Новае жыццё» (Фота) 12:21, 03/11/2006
Амбасадары Еўразвяза і ЗША наведалі ўчора будынак храма менскай суполкі царквы "Новае жыццё". Дыпламаты заявілі, што жадалі б уласнымі вачыма ўбачыць тых, хто 23 дні трымаў галадоўку пратэсту, і выказаць ім падтрымку. "Мы ваказваем падтрымку беларусам, якія адстойваюць свае правы", – заявіла амбасадарка ЗША ў Беларусі Карэн Сцюарт.
"Гэта нашая місія сачыць за тым, што адбываецца ў краіне. Вядома, гэтая сітуацыя выклікае ў нас трывогу. Тое, што сёння сотні людзей праводзілі галадоўку, вельмі сур`ёзна. Мабыць, трэба было і раней прыехаць, але ў нас атрымалася толькі сёння. Лепш позна, чым ніколі. Гэта выраз салідарнасці", – заявіў кіраўнік дыпламатычнай місіі Швецыі Стэфан Эрыксан.
Як ужо паведамлялася, больш за чатыры тыдні таму вернікі менскай суполкі царквы "Новае жыццё" абвясцілі пост-галадоўку ў сувязі з рашэннем Менгарвыканкама і Менскага гаспадарчага суду аб выкупе ў суполкі будынка храма.
Пост-галадоўку трымалі каля 200 вернікаў дадзенай суполкі.
Раней таксама паведамлялася са спасылкай на намесніка старшыні Менгарвыканкама Міхаіла Ціценкова, што "Менгарвыканкам не мае намеру даваць дазвол на пераўтварэнне будынка былога кароўніка, да таго ж пажаранебяспечнага, у культавы будынак".
Вернікі менскай суполкі царквы "Новае жыццё" 30 кастрычніка прыпынілі пост-галадоўку да 16 лістапада.
Па словах супрацоўніцы прэс-цэнтра суполкі Марыны Тэрых, "рашэнне аб прыпыненні галадоўкі вернікаў было прынятае ў сувязі з рашэннем Вышэйшага гаспадарчага суду Беларусі аб разглядзе пленумам ВГС пытання аб будынку, дзе праводзяцца малітвы".