Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ірына Казуліна другі дзень не можа даведацца пра лёс мужа 16:43, 03/11/2006
Сваякі экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі другі дзень не могуць датэлефанавацца да кіраўніцтва выпраўленчай калоніі "Віцьба-3", дзе адбывае пакаранне Аляксандр Казулін. Аб гэтым прэс-цэнтру Хартыі`97 паведаміла жонка палітвязня Ірына Казуліна. Аляксандр Казулін 15 дзён трымае ў калоніі галадоўку пратэсту, і сёння няма ніякай іншай магчымасці даведацца пра стан яго здароўя. "Пасля таго, як адвакату забаранілі сустракацца з Аляксандрам Казуліным, у нас не засталося нічога іншага, як тэлефанаваць кожны дзень у калонію і пытаць у начальства, як сябе адчувае мой муж. Але ўжо другі дзень усе тэлефоны кіраўніцтва калоніі не адказваюць. Я не магу зразумець, што адбываецца", – заявіла Ірына Казуліна прэс-цэнтру Хартыі`97.
Нагадаем, што Аляксандру Казуліну па-ранейшаму забароненыя сустрэчы з адвакатам Ігарам Рынкевічам. Начальнік калоніі "Віцьба-3" Віталь Агністыкаў прыняў рашэнне аб забароне на сустрэчы адваката з А.Казуліным на ўвесь тэрмін галадоўкі экс-кандыдата ў прэзідэнты. 1 лістапада І.Рынкевіч абскардзіў рашэнне В.Агністыкава ў дэпартаменце выканання пакаранняў.
Дачка А.Казуліна Юлія 1 лістапада ездзіла ў калонію. "Начальнік калоніі паведаміў мне, што стан у таты нармалёвы, – сказала Ю.Казуліна. – Ён лічыць, што сустрэча з адвакатам таце зараз не патрэбная, што яна прыслабіць яго здароўе". Юлія напісала заяву на імя начальніка калоніі з просьбай растлумачыць, чаму бацьку забароненыя сустрэчы з адвакатам. Ю.Казуліна падкрэсліла, што ўбачыцца з бацькам яна не змагла. "Я толькі змагла перадаць яму цёплыя рэчы", – сказала яна.
Сваякі таксама не атрымоўваюць ад Аляксандра Казуліна лістоў.
Нагадаем, што былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Казулін галадае з 20 кастрычніка. Палітык пратэстуе супраць пазапраўнага, як ён лічыць, знаходжання ва ўладзе Аляксандра Лукашэнкі і дамагаецца разгляду беларускага пытання ў ААН. У знак салідарнасці з патрабаваннямі Казуліна ў віцебскай калоніі галадае яшчэ адзін палітвязень, былы дэпутат Сяргей Скрабец. Ад яго сям`я таксама не атрымоўвае ніякіх лістоў.