Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Канвенцыя аб гвалтоўных знікненнях можа быць прынятая ў самыя блізкія дні 12:57, 08/11/2006
Францыя прадставіла на разгляд Трэцяга камітэта генеральнай Асмблеі ААН праект Канвенцыі аб гвалтоўных знікненнях і заклікала неадкладна ўхваліць яго. З такім жа заклікам да дзяржаў-сяброў ААН звярнулася Працоўная група ААН па гвалтоўных або недобраахвотных знікненнях.
29 чэрвеня праект Канвенцыі быў зацверджаны кансенсусам на першай сесіі Рады па правах чалавека.
"Зараз чарга Генеральнай Асамблеі вырашыць пытанне аб тым, ці зойме Канвенцыя сваё месца сярод іншых міжнародных прылад у вобласці міжнароднага права па правах чалавека", – гаворыцца ў заяве сяброў Працоўнай групы.
Працоўная група адзначыла важнасць новай Канвенцыі, падкрэсліўшы, што яна накіраваная на ліквідацыю прабелу ў міжнародным праве ў вобласці папярэджання і спынення актаў гвалтоўнага знікнення. Яна забараняе існаванне сакрэтных турмаў і абавязвае паведамляць сем`і аб лёсе іх затрыманых сваякоў. Дакумент прадугледжвае стварэнне адмысловага камітэта па гвалтоўных знікненнях, які будзе разглядаць даклады краін-удзельніц і скаргі прыватных асобаў. Дзяржавы, якія ратыфікуюць Канвенцыю, будуць рабіць справаздачы перад гэтым Камітэтам аб тым, якія заканадаўчыя, адміністрацыйныя і іншыя меры яны прадпрымаюць для яе выканання.
Канвенцыя прызнае, што пры некаторых акалічнасцях гвалтоўныя знікненні могуць прызнавацца злачынствам супраць чалавецтва. У гэтай якасці яны падпадаюць і пад міжнародную крымінальную юрысдыкцыю.
Працоўная група па гвалтоўных або недобраахвотных знікненнях была заснаваная ў 1980 годзе Камісіяй ААН па правах чалавека. У яе склад уваходзяць 5 экспертаў. Яны разглядаюць паведамленні аб зніклых людзях, дасланыя іх сваякамі або праваабарончымі арганізацыямі. Вызначыўшы наколькі гэтыя паведамленні адказваюць шэрагу крытэраў, Працоўная група перадае матэрыялы аб пэўных выпадках дзяржаўным органам адпаведных краін і звяртаецца з запытам аб правядзенні расследавання.
Штогод у свеце выкрадаюць больш за дзесяць тысяч людзей. Раней гвалтоўныя знікненні людзей, звычайна, звязвалі з дзяржаўнай палітыкай або кіруючым рэжымам. Аднак сёння сітуацыя змянілася і ўскладнілася. Большасць выпадкаў знікнення людзей маюць дачыненне да ўнутраных канфліктаў, бакамі якога часта выступаюць нікому не падкантрольныя вайсковыя фармаванні і групоўкі. У апошнім штогадовым дакладзе міжнароднай праваабарончай арганізацыі "Хьюман райтс уотч" звяртаецца ўвага на тое, што з 1999 года толькі на Паўночным Каўказе зніклі без весткі ад двух да пяці тысяч чалавек.
У Беларусі ў 1999-2000 гадах бясследна зніклі лідэры апазіцыі Юрый Захаранка, Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі і журналіст Зміцер Завадскі. Вінаватыя ў іх выкраданні дагэтуль не знойдзеныя. Міжнародная супольнасць падазрае ў дачыненні да выкраданняў і забойстваў гэтых людзей вышэйшае кіраўніцтва Беларусі.