Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У міліцыі ў апазіцыянераў «знікаюць» грошы і дакумэнты 14:49, 08/11/2006
Лідэра Магілёўскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Рыгора Кастусёва 8 лістапада вызвалілі з турмы пасля пяці сутак арышту, да якіх ён быў асуджаны Ленінскім раённым судом Магілёва нібыта за дробнае хуліганства. Пасля вызвалення спадар Кастусёў паведаміў, што падчас затрымання ў яго зьніклі грошы, і ён збіраецца падаваць заяву аб завядзенні крымінальнай справы па гэтым факце. Будзе таксама пададзеная скарга на факт затрымання Кастусёва.
Спадар Кастусёў паведаміў, што яго затрымалі на вакзале і беспадстаўна абвінавацілі ў хуліганстве. Рыгор Кастусёў сваё зняволенне зьвязвае з мясцовымі выбарамі і паездкай на канфэрэнцыю беларускай апазыцыі ў Кіеў.
4 лістапада зраніцы ў Белаазёрску быў затрыманы кіраўнік берасцейскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Юрась Губарэвіч. Калі ён ехаў на уласнай машыне, яго спынілі супрацоўнікі ДАІ нібыта за парушэнне правілаў дарожнага руху.
Пасля знаходжання на працягу 9 гадзінаў у аддзяленні раённага ўпраўлення ўнутраных справаў Юрась Губарэвіч быў вызвалены. Ніякіх тлумачэнняў пра прычыну затрымання ён не атрымаў.
Паводле інфармацыі прэс-службы Партыі БНФ, пашпарт, які забралі ў спадара Губарэвіча падчас затрымання, знік. Міліцыянты папросту ня ведаюць, дзе ён.
Сытуацыю камэнтуе кіраўнік юрыдычнай камісіі Партыі БНФ Уладзімер Лабковіч:
"Паводзіны супрацоўнікаў белаазёрскай і бярозаўскай міліцыі напоўненыя цынізмам. Цэлы дзень міліцыя займаецца нейкім глупствам. Для таго, каб сарваць паездку Юрася Губарэвіча на важную міжнародную канфэрэнцыю ў Кіеў, супрацоўнікі міліцыі трымалі яго 9 гадзінаў, хаця па заканадаўстве дазваляецца толькі тры гадзіны без прад`яўлення абвінавачвання. Зараз яны ня ведаюць, дзе пашпарт, спіхваючы адзін на аднаго віну за яго згубу. Мне проста сорамна за беларускую міліцыю, якая гуляе ў дзіцячыя гульні замест таго, каб займацца аховаю правапарадку. Акрамя ўсяго гэтага такія дзеянні супрацоўнікаў ставяць пад пагрозу рэгістрацыю ініцыятыўнай групы кандыдата ў дэпутаты Юрася Губарэвіча. Калі ён ня здолее яе зарэгістраваць, віна будзе цалкам на супрацоўніках міліцыі. Я ўжо не кажу пра тое, што затрыманне спадара Губарэвіча было незаконным, таксама як і любая згуба ці канфіскацыя дакумэнтаў ёсць дзеяннем незаконным".