Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ірына Казуліна не змагла сустрэцца з мужам у калоніі 16:28, 08/11/2006, фота ByMedia.net
Жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна Ірына Казуліна сёння наведала выпраўленчую калонію "Віцьба-3" дзеля таго, каб даведацца пра стан здароўя свайго мужа. На працягу некалькіх дзён жонка палітвязня не змагла датэлефанавацца да кіраўніцтва калоніі і даведацца, як сябе адчувае Аляксандр Казулін, які галадае ўжо 20 дзён. "Я сустрэлася з начальнікам калоніі Віталём Агністыкавым, і ён паведаміў мне, што муж адчувае сябе нармалёва. За час галадоўкі ён нібы страціў 8 кілаграмаў. Не ведаю, хто яго ўзважваў, але мне здаецца, што за 20 дзён Аляксандр страціў у вазе значна больш. Сустрэцца з мужам я не магу, паколькі выкарыстала ўсе дазволеныя кароткатэрміновыя спатканні, і да 17 студзеня мне не дазволяць новых спатканняў. Не змагла я сустрэцца і з лекарам, які назірае за Аляксандрам. Начальнік калоніі сказаў, што гэта немагчыма", – паведаміла Ірына Казуліна прэс-цэнтру Хартыі`97.
Па словах жонкі экс-кандыдата, начальнік калоніі яшчэ раз заявіў, што не мае намеру дазваляць сустрэчы адваката з Казуліным на працягу галадоўкі. "Ён мне сказаў, што адваката пусцяць, як толькі муж спыніць галадоўку. Па словах Агністыкава, гэта яго рашэнне, і ён нясе за яго адказнасць", – сказала Ірына Казуліна.
Ірына Казуліна запытала ў Віталя Агністыкава, чаму лісты ад яе мужа ідуць з калоніі больш за тыдзень. "Начальнік калоніі сказаў, што Віцьба – гэта пасёлак, і пошта там працуе значна павольней за гарадскую", – паведаміла жанчына.
"Вядома, мяне хвалюе, што я толкам нічога не ведаю пра стан мужа. Але ніякага іншага варыянту доступу да інфармацыі пра яго стан у мяне няма, таму я задавольваюся тым, што ёсць", – адзначыла жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты.