Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Саддам Хусейн можа быць пакараны да канца года 11:00, 08/11/2006
Былы іракскі дыктатар Саддам Хусейн будзе пакараны ўжо сёлета, заявіў у інтэрв`ю BBC прэм`ер-міністр Ірака Нурі Малікі, засведчыўшы, што "рашэнне павесіць былога прэзідэнта Ірака будзе прынятае без якога-небудзь ціску звонку".
"Мы хочам, каб увесь свет паважаў судовае рашэнне Ірака", – падкрэсліў Малікі. Іракскі прэм`ер таксама заявіў, што на працягу некалькіх месяцаў іракскае войска будзе гатовае прыняць на сябе асноўную ролю ў барацьбе з паўстанцамі.
Разам з гэтым Малікі крытычна выказаўся аб некаторых аспектах акупацыі Ірака сіламі кааліцыі. "Мы думалі, што калі сілы ЗША і Брытаніі рыхтаваліся да ўварвання ў Ірак, у іх было яснае разуменне Ірака з сацыяльнага і палітычнага пункту гледжання, а таксама з пункту гледжання забеспячэння бяспекі, – сказаў Малікі. – Аднак у іх не было адэкватнага планавання на перыяд пасля змены рэжыму. Іх кіраўнікі на месцах не ведалі і не разумелі сітуацыю ў Іраку".
Нагадаем, Саддам Хусейн быў прысуджаны да смяротнай кары праз павешанне за злачынствы супраць чалавечнасці 5 лістапада 2006 года па справе аб забойстве жыхароў пасёлка Эд-Дуджэйль, дзе ў 1982 годзе была распачатая спроба замаху на іракскага дыктатара. Напярэдадні ў аўторак Хусейн і некалькі яго паплечнікаў паўсталі перад другім судом па справе "Аль-Анфаль" – знішчэнні больш за 180 тысяч курдаў у канцы 80-х гадоў, у тым ліку пры дапамозе хімічнай зброі.