|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Дэмакратычныя сілы заклікаюць Казуліна прыпыніць галадоўку пратэсту 17:14, 09/11/2006 Прапануем тэкст заявы: “Восьмы месяц за кратамі знаходзіцца прафесар, былы рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, экс-кандыдат у прэзідэнты, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Аляксандар Казулін. Агульны лагерны тэрмін суд вызначыў яму ў пяць з паловай гадоў. На знак пратэсту “супраць беззаконня, што дзеецца нелегітымным прэзідэнтам Лукашэнкам” і супраць прысуду Аляксандар Казулін абвясціў з 20 кастрычніка бестэрміновую галадоўку. Арышт, суд і прысуд Аляксандру Казуліну ёсць беспрэцэдэнтным у гісторыі выпадкам расправы з палітычным апанентам у статусе кандыдата ў прэзідэнты. Мэты судовай інсцэніроўкі навідавоку: выдаліць з палітычнага жыцця небяспечнага праціўніка, дэмаралізаваць дэмакратычныя сілы, застрашыць уласную наменклатуру, назаўжды замацаваць за сабой уладу. Разам з тым за гэтай судовай расправай праглядае і ўласны страх рэжыма за сваё існаванне. З усіх выбарчых кампаній найноўшага часу ў Беларусі кампанія па выбарах прэзідэнта ў сакавіку 2006 вызначылася найбольш жорсткімі антыдэмакратычнымі абмежаваннямі і масштабнымі рэпрэсіямі супраць апазіцыйных сіл. Рэпрэсіі не спыняюцца, іх жорсткасць узрастае. Са сталінскай эпохі, насуперак дзеючай Канстытуцыі, рэанімаваны артыкул, які дазваляе прыцягваць да суду за ўдзел у незарэгістраванай грамадзкай арганізацыі. Па гэтаму артыкулу на розныя тэрміны зняволення ўжо асуджаны актывісты “Партнэрства” Цімафей Дранчук, Мікола Астрэйка, Аляксандар Шалайка, Эніра Браніцкая і, зусім нядаўна, лідэр “Маладога фронта” Зміцер Дашкевіч. На два гады за калючы лагерны дрот кінута шасцідзесяцігадовая праваабаронца Кацярына Садоўская па абвінавачванню ў абразе гонару А. Лукашэнкі. Рэжым фактычна аднавіў у краіне інстытут палітычных зняволеных. Аднак насуперак разлікам уладаў застрашэнне не спрацоўвае. У шэрай лагернай зоне Аляксандар Казулін працягвае барацьбу, адказваючы ўладзе сваім абвінаваўчым словам праўды, пратэстам галадоўкі. Аляксандар Казулін стаў сцягам дэмакратычнага супраціву, барацьбы за свабоду. Мужнасць і духоўная сіла палітычных зняволеных адгукаецца ў грамадстве гонарам і павагай да іх. Іх учынкі прабіваюць сцяну ілжы і забаронаў. Дэмакратычныя сілы не дэмаралізаваныя, наадварот, мабілізуюць свае шэрагі і гуртуюцца. Аб’яднаная дэмакратыя Беларусі звяртаецца да сваіх арганізацый і прыхільнікаў, да ўсіх людзей добрай волі разгарнуць шырокую кампанію салідарнасці за вызваленне А. Казуліна і ўсіх палітычных зняволеных. Мы заклікаем дэмакратычных актывістаў пад час выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы распавядаць людзям праўду пра А. Казуліна, аб сапраўдных прычынах судовых распраў над ім і усімі палітычнымі зняволенымі, арганізаваць збор подпісаў да ўладаў з патрабаваннем вызвалення А. Казуліна і ўсіх палітычных вязняў. Мы заклікаем усіх людзей добрай волі маральна патрымаць Аляксандра Казуліна асабістым пісьмом да яго ў калонію (211300, Віцебскі р-н, пас. Віцьба, ПК №3, Казуліну А. У.) Мы звяртаемся да сусветнай грамадскасці, да палітыкаў, парламентаў і ўрадаў краін падтрымаць кампанію салідарнасці за выратаванне Аляксандра Казуліна, за вызваленне ўсіх палітычных вязняў у Беларусі. Разам з тым мы звяртаемся да Аляксандра Казуліна з прапановай і просьбай прыпыніць галадоўку. Аляксандар Уладзіслававіч, Вы – за кратамі, аднак Вы з намі, як дзеючы палітык, які рэальна ўплывае на сітуацыю ў краіне. У нашым агульным коле паплечнікаў мы чуем кожнае Ваша слова, улічваем Вашы меркаванні ў нашых супольных рашэннях і практычных дзеяннях. Адхіліўшы ў бок супярэчнасці, мы прыйшлі да “Пагаднення аб палітычнай кампаніі аб’яднаных дэмакратычных сілаў на перыяд да 25 сакавіка 2007 года ў рамках агульнай кампаніі “За свабоду”. Пагадненне прадугледжвае шчыльную каардынацыю дзеянняў пад час палітычнай кампаніі “Мясцовыя выбары”, правядзенне не пазней за 25 сакавіка КАНГРЭСА ДЭМАКРАТЫЧНЫХ СІЛАЎ, што мусіць прыняць стратэгію дзеянняў і сфарміраваць кіруючыя органы АДС, прапанаваць грамадству рэалістычную праграму выхада краіны з канстытуцыйнага крызісу і праграму сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў. У адказ на ўзмацненне рэпрэсій супраць дэмакратычных актывістаў мы ўздымаем кампанію салідарнасці як унутры краіны так і на міжнароднай арэне за вызваленне Вас і ўсіх палітвязняў. Мы звярнуліся ў Раду па правах чалавека ААН з хадайніцтвам аб захаванні пасады спецыяльнага дакладчыка Рады па Беларусі А. Севярына, і з запытам даць прававую ацэнку становішчу ў нашай краіне і ў далейшым вынесці беларускае пытанне на разгляд у Раду Бяспекі ААН. Аляксандар Уладзіслававіч, мы настойваем -- выходзьце з галадоўкі! Ваша жыццё і здароўе, Ваш досьвед, веды і аўтарытэт патрэбны дэмакратычнай Беларусі. Наперадзе шмат спраў. Вас, як і іншых палітычных вязняў, не зламалі ні арышт, ні турма, сцены якой не з’яўляюцца перашкодай для свабоднай думкі, што на свабодзе пераўтвараецца ў дзеянні. Ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў: Аляксандар Мілінкевіч, экс-кандыдат у прэзідэнты Анатоль Лябедзька, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Ляўковіч, выконваючы абавязкі старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Вінцук Вячорка, старшыня Партыі Беларускага народнага фронту Сяргей Калякін, старшыня Партыі камуністаў (беларускай) 8 лістапада 2006 г.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|