Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Газпром» і «Белтрансгаз» абмеркавалі газавыя пытанні 10:43, 09/11/2006
Учора ў цэнтральным офісе ААТ "Газпром" адбылася працоўная сустрэча старшыні ўпраўлення Аляксея Мілера і генеральнага дырэктара ААТ "Белтрансгаз" Зміцера Казакова. Бакі абмеркавалі асноўныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва ў газавай сферы ў 2007 годзе. Адмысловая ўвага была нададзеная ходу незалежнай ацэнкі рынкавага кошту аб`ектаў газатранспартнай сістэмы Беларусі, якую плануецца завяршыць да снежня цяперашняга года, паведамляе прэс-служба газавага манапаліста.
Як сцвярджаюць у кампаніі, Газпром пераходзіць на рынкавыя прынцыпы супрацоўніцтва са ўсімі краінамі-пакупнікамі расейскага газу. Беларусь з`яўляецца апошняй дзяржавай, якая захавала нізкія кошты закупу расейскага газу ў 2006 годзе, што звязана з прыняццем Беларуссю шэрагу рашэнняў, адпаведных эканамічным інтарэсам Газпрома. У прыватнасці, былі аформленыя правы ўласнасці Газпрома на беларускі ўчастак газаправода "Ямал-Еўропа", кампаніі была перададзеная зямля пад газаправодам у доўгатэрміновую арэнду. У сувязі з гэтым, пераход на адпаведны еўрапейскаму ўзровень коштаў для Беларусі плануецца ажыццявіць з 2007 года.
Кантракт паміж ААТ "Газпром" і ААТ "Белтрансгаз" на пастаўку і транзіт газу ў 2006 годзе быў падпісаны 27 снежня 2005 года. Кошты газу і тарыф на транспартоўку ў 2006 годзе адпавядае аналагічным умовам 2005 года. У адпаведнасці з дакументам, у 2006 годзе "Газпром" паставіць у Беларусь 21 млрд. куб. м газу, з якіх 1,5 млрд. куб. м – пры наяўнасці тэхнічнай магчымасці.
Нагадаем, што Беларусь ліхаманкава шукае шляхі выхаду з сітуацыі, якая склалася, і ўжо падрыхтавала сваеасаблівы адказ Расеі. У выпадку падвышэння коштаў на газ да $200, Беларусь плануе рэзка падвысіць кошт транзіту нафты, газу, аўтатранспарту і арэнды для расейскіх вайсковых баз у Вілейцы і Баранавічах. Таксама вядуцца гутаркі аб тым, што краіна можа купляць паліва ў іншых пастаўшчыкоў, першым чынам у Азербайджана і Ірана.