Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У школах вывучаюць асновы праваслаўнай маральнасці 11:32, 09/11/2006
Вывучэнне курсу "Асновы праваслаўнай маральнасці", рэкамендаванага Нацыянальным інстытутам адукацыі, наладжанае ў большасці школ Наваградскага раёна. Аб гэтым паведаміла БЕЛТА начальніца кіравання адукацыі Наваградскага райвыканкама Галіна Мітлашук.
Факультатывы па гэтым курсе арганізаваныя паводле распрацаванай Праграмы мер па выкананні "Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай праваслаўнай царквой" у Гарадзенскай вобласці. Праграма падпісаная ў ліпені мінулага года старшынёй Гарадзенскага аблвыканкама Ўладзімірам Саўчанкай і біскупамі Гарадзенскім і Ваўкавыскім Арцеміем і Наваградскім і Лідскім Гурыем.
Па словах Мітлашук, пробныя заняткі па асновах праваслаўнай маральнасці пачалі арганізоўваць у школах раёна з мінулага года. У цяперашні час у 17 з 28 школ Наваградчыны настаўнікі гуманітарных прадметаў праводзяць гэты факультатыў. Як гаворыць службоўка, "яны вучаць дзяцей распазнаваць дабро і зло, арыентавацца ў выбары тэлеперадач і мастацкай літаратуры, тлумачаць сэнс біблейскіх прытчаў, прывіваюць школьнікам правільныя нормы паводзін у сям`і і грамадстве, выхоўваюць патрыятызм, павагу да старэйшых, знаёмяць з гісторыяй родных месцаў". Для дзяцей арганізоўваюцца экскурсіі па святых месцах Беларусі, у тым ліку ў Тураў, Полацак, в. Жыровічы Слонімскага раёна.
Групы па вывучэнні асноў праваслаўнай маральнасці арганізаваныя таксама ў двух дзіцячых дашкольных установах раёна.
Колькасць школ, у якіх будуць вывучаць асновы праваслаўнай маральнасці, павялічыцца, адзначыла Галіна Мітлашук.