Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Перамовы Пуціна з Лукашэнкам будуць складанымі 10:54, 09/11/2006
Сёння ў Маскве запланаваная працоўная сустрэча Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. Эксперты ў адзін голас гавораць, што перамовы лідэраў Расеі і Беларусі будуць ледзь не самымі складанымі за ўсю гісторыю двухбаковых адносінаў. Першым чынам, гаворка ідзе аб паліўна-энергетычным балансе на 2007 год, у працэсе сцвярджэння якога ўрады двух краін маюць сур`ёзныя рознагалоссі.
Алею ў астываючы агонь некалі гарачых міжнародных адносінаў, па меркаванні Расейскай службы радыё "Свабода", падліў амбасадар Расейскай Федэрацыі ў Менску Аляксандр Сурыкаў. У мінулую пятніцу дыпламат заявіў, што кошт расейскага газу для Беларусі з 2007 года складзе не менш за 140 даляраў за тысячу кубаметраў (супраць 46,6 у 2006-м). Акрамя таго, ён паведаміў аб намеры Расеі абмежаваць пастаўкі нафты ў Беларусь у выпадку нязгоды кіраўніцтва рэспублікі пералічваць у расейскі бюджэт 85% збораў экспартных пошлін на нафтапрадукты. Нарэшце, Расея ў наступным годзе не будзе экспартаваць у Беларусь электраэнэргію.
Напярэдадні паездкі ў Маскву Аляксандр Лукашэнка з афіцыйным візітам наведаў Іран. З Тэгерана беларускі кіраўнік прывёз дамоўленнасцяў на 350 мільёнаў даляраў з перспектывай росту таваразвароту да 1 мільярда. Лукашэнка падчас перамоваў з прэзідэнтам Ірана Махмудам Ахмадзінежадам заявіў: Беларусь і Іран падштурхоўвае да больш цеснага супрацоўніцтва "міжнароднае становішча".
Эканамісты канстатуюць, што ў Беларусі створаная сучасная нафтаперапрацоўчая база, а прадпрыемствы галіны ўносяць істотнае ўкладанне ў фармаванне дзяржаўнай казны. Аднак дагэтуль такая прыбытковая схема працавала толькі дзякуючы таму, што Расея заплюшчвала вочы на істотную розніцу ў экспартных пошлінах на прадукты перапрацоўкі расейскай нафты. Сёння Масква напроста заяўляе, што Менску трэба дзяліцца. У адказ на заклікі з Масквы ў беларускім урадзе ўжо заявілі: у выпадку эканамічных санкцый Беларусь будзе змушаная прыняць адэкватныя меры, сярод якіх магчыма рэзкае падвышэнне кошту транзіту нафты, газу, аўтатранспарту і арэнды для расейскіх вайсковых баз у Вілейцы і Ганцэвічах.
Аднак, як лічыць эканаміст Леанід Заіка, беларускаму боку ў такой няроўнай спрэчцы нічога не застаецца, як прыслухацца да рэкамендацый і прыняць "лепшае з горшага".
"Дыяпазон – ад 100 да 150 даляраў магчымага кошту на газ з 2007 года. Другое, на саступкі па "Белтрансгазу" усё ж пойдуць. Калі расейцы будуць вельмі шчодрымі, то магчымая такая формула: "Белтрансгаз" у абмен на частку акцый кампаній, якія здабываюць газ", – лічыць эксперт.
Гучныя заявы Беларусі аб адэкватных мерах аналітыкі лічаць перабольшанымі. Практычна ўся прамысловасць Беларусі, так або інакш, завязаная на расейскіх нафце і газе, і раптоўна змяніць гэтую схему немагчыма.