|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
«Джынсы» 14:42, 10/11/2006, Андрэй Хадановіч, беларускі паэт Гэта адбываецца, магчыма, таму, што афіцыйны тэатр, як мне ўсё больш здаецца, знаходзіцца на службе ў рэжыму. Нават калі ён (тэатр, не рэжым) носіць імя Купалы, нават калі акцёры да радасці прагрэсіўнай інтэлігенцыі амаль беспамылкова размаўляюць амаль на сучаснай беларускай мове, нават калі часам ім дазваляецца "выпусціць пар" і паставіць бунтарскую п`есу тыпу "Тутэйшых" таго ж Купалы, – тэатр усё роўна знаходзіцца на службе ў рэжыму. Адбываецца гэта таму, што, дзякуючы знешняй і ўнутранай цэнзуры, тэатр стварае ў гледача стэрэатып: у Беларусі няма цікавай сучаснай беларускай драматургіі, паколькі ўсё, што можна глядзець без агіды, гэта альбо старая класіка, альбо пераклады з іншых моў. Рэдкія выключэнні толькі пацвярджаюць гэтае смутнае правіла. Ідэальным неафіцыйным тэатрам у Беларусі магла бы быць кірмашовая будка, якая вандруе, з якой асацыююцца забароненыя і напалову забароненыя тэатры, пазбаўленыя заўсёднага месца. Свае спектаклі яны паказваюць у дамах культуры – да першага тэлефоннага званка, пасля якога сканчаецца ўсякі тэатр. Таму паказы праходзяць нелегальна, у не вельмі адпаведных умовах, без рэкламы, для абмежаванага круга "сваіх" – як падчас вайны і акупацыі. На гэтыя спектаклі можна прыходзіць у джынсах, і ніхто не зверне на гэта ўвагі, як гэта і бывае на вайне. Трапную метафару ў гэтым сэнсе знайшоў для сваёй п`есы Мікалай Халезін. Метафару, якая не дазваляе твору ператварыцца ў плоскі палітычны памфлет, хоць п`еса надзвычай палітычна ангажаваная, чым у значнай ступені адрозніваецца ад нашага афіцыйнага тэатра, які звяртаецца да гледача са ўсім магчымым, але не з тым, аб чым ён сапраўды думае і чаго сапраўды чакае. Метафара стала трапнай і па часе: калі б п`еса з`явілася на некалькі месяцаў пазней, яе бы назвалі – у святле нашых палітычных падзей – і цалкам справядліва – кан`юктурнай. А так аўтар, можна сказаць, патрапіў у дзесятку, таму што сакавіцкія акцыі пратэсту ў Менску, паўстанне супраць хлусні і дыктатуры невыпадкова атрымалі назву "джынсавай рэвалюцыі". Зрэшты, усякая спроба прысвоіць этыкетку пакалення (асабліва яго, пакалення, прадстаўніком) павінна выглядаць кан`юктурна і, па-першае, з`яўляецца моцным спрашчэннем, а па-другое, стварае па сутнасці камерцыйную марку з вялікім тэрмінам прыдатнасці (тут досыць узгадаць Дугласа Коўплэнда і пакаленне "Х" або Віктара Пялевіна і пакаленне "П"). На першы погляд ужо пачатак п`есы выклікае засцярогу. Досыць падазрона глядзіцца фрагмент з успамінамі апавядальніка аб баявых гадах маладосці ў савецкі час. Гісторыя з фарцоўкай джынсамі як быццам была прыдуманая для афіцыйнай беларускай тэлевізійнай прапаганды: глядзіце, усе сённяшнія барацьбіты за свабоду – гэта былыя гандляры замежнымі анучамі. Зрэшты, над усім гэтым чалавек не вельмі і задумваецца, таму што, першым чынам, звяртае ўвагу на іншае. Як жа моцна, халера, рыфмуюцца гэтыя эпохі – перыяд брэжнеўскага застою сямідзесятых і наша любасная беларуская сучаснасць! Якое дэжа-вю павінна быць у пакалення ледзь старэйшага за мяне! І яшчэ пачуццё страчанага часу. Часу, які не знойдзе ніякі Пруст з заснаванага нядаўна Лукашэнкам марыянеткавага саюза пісьменнікаў. Перад намі твор, які мог з`явіцца толькі ў краіне, у якой занадта мала камерцыйнай рэкламы высокай якасці, у той час як нізкаякаснай палітычнай – значна больш, чым трэба. Гледачы, якія звыкнуліся з там, што атрыбутам свабоды ў заходнім цывілізаваным свеце з`яўляецца, першым чынам, абавязковы рэкламны соўс для продажу цыгарэт "Мальбара", а бутэлька кока-колы – нядрэнным галівудскім рэквізітам у фільме пра другую сусветную вайну могуць вельмі здзівіцца. Раптам бачыш, што ў беларускіх умовах усё дзеецца з дакладнасцю да наадварот: аўтар п`есы пачынае з камерцыйнага прыёму, а затым, выкарыстоўваючы яго, накіроўваецца ў бок каштоўнасцяў нематэрыяльных, на тэрыторыю свабоды. Затое джынсы (як і свабода, якую яны ўвасабляюць) з`яўляюцца выключна камерцыйнай маркай. І "пакаленне джынс" – гэта пакаленне, якое на ёй нічога не заробіць. Заробяць іншыя: не паспелі выйсці з турмаў абаронцы Майдана, а на рынку ў Ждановічах ужо з`явіліся гандляры, якія прапануюць плакат з малюнкам Чэ Гевары з надпісам "джынсавая рэвалюцыя". Тым не менш, нешта памянялася з часоў французскіх санкюлотаў. Сёння тое, якія штаны носяць нашы грамадзяне, абумоўленае не эканамічнымі, а цалкам іншымі акалічнасцямі. Любы адметны ад джынсаў выбар усё больш аддае фальшшу і асацыюецца з хлуснёй. А чым больш на беларускім тэлебачанні антыамерыканскіх навін, тым даўжэй цэлае пакаленне (а дакладней некалькі пакаленняў) не вырасце з пацёртых амерыканскіх джынсаў. Што датычна да мяне, то я нядаўна змог асабіста ўпэўніцца ў дакладнасці формулы "пакаленне джынс", калі неўзабаве пасля нашых сакавіцкіх падзей разам з маладым калегам-паэтам патрапіў на афіцыйны прыём да польскага (ну, зразумела, не да беларускага) міністра культуры. Як мне здаецца, мы ўразіліі польскага міністра значна больш, чым ён нас. Падчас сустрэчы пытанне аб тым, да якога пакалення прыналежым мы з калегам, стаў залішнім, калі нам ветліва паведамілі, што акрамя нас ніхто не з`яўляўся на афіцыйны прыём да міністра ў джынсах. Артыкул апублікаваны ў польскім часопісе "Dialog"
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|