Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ірына Казуліна накіравала ў калонію тэлеграму 16:30, 10/11/2006
Жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Ірына Казуліна адправіла сёння ў выпраўленчую калонію "Віцьба-3" тэлеграму, у якой заклікала Аляксандра Казуліна спыніць галадоўку. У тэлеграме паведамляецца, што звароты да палітвязня аб спыненні галадоўкі прынялі Палітрада Аб`яднаных дэмакратычных сіл Беларусі, Бюро Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і Пленум Камуністычнай партыі Беларускай. Аб гэтым прэс-цэнтру Хартыі`97 паведаміла кіраўніца прэс-службы Аляксандра Казуліна Раіса Міхайлоўская.
Па словах Міхайлоўскай, у тэлеграме гаворыцца, што зварот Палітрады АДС, у якім выкладзеныя ўсе патрабаванні Казуліна, атрыманы спецдакладчыкам Камітэта ААН па правах чалавека Адрыянам Севярынам.
"Ёсць усе падставы спыніць галадоўку. Беражы сябе", – такімі словамі сканчаецца тэлеграма.
Нагадаем, што былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Казулін галадае з 20 кастрычніка. Палітык пратэстуе супраць пазапраўнага, як ён лічыць, знаходжання ва ўладзе Аляксандра Лукашэнкі і дамагаецца разгляду беларускага пытання ў ААН. У знак салідарнасці з патрабаваннямі Казуліна ў віцебскай калоніі галадае яшчэ адзін палітвязень, былы дэпутат Сяргей Скрабец.