Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лукашэнка прыехаў у Маскву пагаварыць аб набалелым 11:33, 10/11/2006
10 лістапада прэзідэнт Расеі Ўладзімір Пуцін сустрэнецца з беларускім калегам Аляксандрам Лукашэнкам, які прыбывае ў Маскву з працоўным візітам. Адной з галоўных тэм іх гутарак нязменна з`яўляецца будаўніцтва "саюзнай дзяржавы" Расеі і Беларусі. Пуцін і Лукашэнка не ўтойваюць, што паміж імі існуюць рознагалоссі ў гэтым пытанні. Падчас нядаўней тэлевізійнай "Прамой лініі" з расейцамі Пуцін прызнаў, што "Лукашэнка ўсёткі з`яўляецца паслядоўным прыхільнікам стварэння "саюзнай дзяржавы", аднак расходзіцца з ім у паслядоўнасці інтэграцыйных крокаў.
"Мы выступаем за тое, каб паскорыць гэты працэс. Але спачатку нам трэба гаварыць аб эканамічнай інтэграцыі. І ў гэтай сувязі самым галоўным я лічу пераход на адзіную валюту, – сказаў кіраўнік расейскай дзяржавы. – Каб перайсці да стварэння агульнага парламента і гэтак далей, неабходная эканамічная база. Наколькі будуць нашыя беларускія калегі гатовыя да найважнейшага накірунку нашага супрацоўніцтва – інтэграцыі, да эканамічнай інтэграцыі, пакажа час, і гэта ў значнай ступені залежыць ад іх".
Іншай важнай тэмай перамоваў напярэдадні чарговага саміту СНД можа стаць рэформа гэтай арганізацыі, паведамляе ІТАР-ТАСС. Абмеркаванне абяцае быць нялёгкім, бо ў кастрычніку Лукашэнка гаварыў аб тым, што некаторыя прапановы па рэфармаванні СНД ён расцэньвае, як спробы яго разваліць. "Калі хтосьці жадае пад шыльдай рэфармавання наогул загубіць СНД, то мы ў гэтым працэсе ўдзельнічаць не маем намеру. Беларусь не будзе ўдзельнічаць у разбуральных тэндэнцыях у Садружнасці і заклікае іншыя дзяржавы настойліва прытрымлівацца гэтага прыкладу", – заявіў Лукашэнка.
Не выключана, што прэзідэнты звернуцца да пытання паставак расейскага газу ў Беларусь. Менск не задавальняе прапанаванае "Газпромам" рэзкае падвышэнне коштаў на гэтую сыравіну, піша NEWSru.com.
Нагадаем, 3 лістапада 2006 года амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў заявіў у Менску, што беларусам прапанавана купляць газ у 2007 годзе па 200 даляраў (кошт у 2006 годзе – 46 даляраў). Разам з гэтым, па яго словах, без уліку мытных пошлін кошт можа скласці 140 даляраў. Беларусь спажывае каля 21 млрд кубаметраў расейскага газу ў год, якія пры новай коштавай палітыцы "Газпрома" абыйдуцца ёй у чатыры разы даражэй – 4,2 млрд даляраў. Для параўнання: у цяперашнім годзе "Белтрансгаз" на закуп сыравіны выдаткуе каля 980 млн даляраў.
Пасля гэтага Лукашэнка пачаў актыўны пошук новых каналаў імпарту энерганосьбітаў і сродкі для іх закупаў.
Лукашэнка наведаў Іран і сустрэўся з прэзідэнтам краіны Махмудам Ахмадзінежадам. Па выніках візіту быў падпісаны пакет дакументаў, у тым ліку сумесныя камюніке, міжурадавы мемарандум аб супрацоўніцтве ў вобласці нафтавай прамысловасці, а таксама мемарандум па выніках сустрэчы міністраў прамысловасці.
Заўвага Лукашэнкі на прэс-канферэнцыі ў Іране аб тым, што "і міжнароднае становішча падштурхоўвае да супрацоўніцтва нашыя краіны", верагодна, намёк на рашэнне Расеі падняць кошт на газ для Менска. Газ, які пастаўляецца Расеяй, складае 93 % з агульнага аб`ёму "блакітнага паліва". У самай блізкай будучыні перад Беларуссю можа ўстаць пытанне аб выжыванні ў літаральным сэнсе. Аднак іранскі газ сам па сабе наўрад ці будзе выгодны для Менска, бо выдаткі на яго транспартоўку могуць звесці на нішто ўсе іншыя выгады.