Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Былых кіраўнікоў «Джэм-банка» прысудзілі да 11 і 12 гадоў турмы 13:31, 10/11/2006
Менскі абласны суд вынес прысуд у дачыненні былых кіраўнікоў “Джэм-банка”. Як паведамляе “Радыё Свабода”, генеральны дырэктар “Джэм-банка” Аляксандр Татарынцаў асуджаны на 12 год пазбаўлення свабоды, яго намеснік Сяргей Блізнюк на 11 год. Суд прызнаў банкіраў вінаватымі ў крадзяжы больш за 16 млн. даляраў і абавязаў вярнуць грошы банку. Назіральнікі адзначаюць, што прысуд цалкам адпавядае патрабаванням пракуратуры.
“Гэта дзіўна, бо “Джэм-банк” не выставіў прэтэнзій майму падабароннаму. Аляксандр Татарынцаў не вінаваты, мы збіраемся абскардзіць прысуд”, – заявіла адвакатка Ала Казак.
Крымінальная справа ў дачыненні Татарынцава ўзбуджаная ў жніўні 2005 года за злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі. 10 жніўня ён быў затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання ГУУС Менгарвыканкама. У снежні 2005 года ў дачыненні Татарынцава ўзбуджаная яшчэ адна крымінальная справа па факце крадзяжу шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Крымінальная справа ў дачыненні Блізнюка ўзбуджаная ў верасні 2005 года за перавышэнне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, зробленае з карыслівай або іншай асабістай зацікаўленасці. Сяргей Блізнюк быў затрыманы 12 верасня 2005 года.
25 ліпеня 2005 года ў “Джэм-Банку” была ўведзеная часовая адміністрацыя і прыпыненыя паўнамоцтвы выканаўчых органаў банка. Неабходнасць прыняцця падобнай меры тлумачылася тым, што на працягу доўгага часу “Джэм-Банк” праводзіў рызыкоўную палітыку пры размяшчэнні сродкаў у замежных банках, ствараючы сітуацыю, якая пагражала інтарэсам яго крэдытораў і ўкладчыкаў. Разам з гэтым значная частка актываў размяшчалася ў нерэзідэнтаў Беларусі, здольнасць якіх разлічыцца па сваіх абавязальніцтвах выклікала ў Нацбанка сумненні. З 9 жніўня 2005 года Нацбанк увёў ліцэнзійныя абмежаванні ў дачыненні да “Джэм-Банка” і спыніў дзейнасць часовай адміністрацыі. З 1 лістапада 2006 года Нацбанк адклікаў у “Джэм-банк” ліцэнзіі на ажыццяўленне банкаўскіх аперацый.
Напярэдадні арышта кіраўніцтва на сайце банка з’явіўся зварот, у якім заяўлялася, што ціск на кіраўніцтва банка здзяйсняецца з-за канфлікту з кантралюючымі органамі.